Леў XIV: Езус аздараўляе нас, каб мы былі свабоднымі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік падкрэсліў, што сваёй катэхезай хоча звярнуць увагу на яшчэ адзін істотны аспект жыцця Езуса – аздараўленні. “Запрашаю вас пакласці перад Сэрцам Езуса самыя балючыя і далікатныя пытанні вашага жыцця – тыя, дзе адчуваеце сябе нерухомымі і паралізаванымі. Давайце з даверам папросім Пана выслухаць наш вокліч і аздаравіць нас”, - заахвоціў на пачатку свайго разважання Леў XVI.
Бартымэй – сляпы і адзінокі жабрак
Святы Айцец прысвяціў сваю катэхезу евангельскай постаці Бартымэя – чалавека, які “дапамагае нам зразумець, што ніколі нельга страчваць надзею, нават калі адчуваем сябе згубленымі”.
Бартымэй – сляпы жабрак, якога Езус сустрэў у Ерыхоне – горадзе, што мае сімвалічнае значэнне: Езус ішоў ў Ерузалем, але пачаў свой шлях, так бы мовіць, у “адхлані” Ерыхону, які знаходзіцца ніжэй за ўзровень мора. “І сапраўды, Езус праз сваю смерць пайшоў, каб адшукаць таго Адама, які нізка ўпаў і прадстаўляе кожнага з нас”, - заўважыў Святы Айцец.
Папа расказаў, што імя “Бартымэй” азначае “сын Тымэя” і апісвае чалавека праз адносіны, але сам гэты евангельскі герой быў драматычна адзінокім. Яго імя можа таксама азначаць “сын пашаны” або “сын захаплення”, што цалкам супярэчыла яго сітуацыі. “А паколькі імя мае вялікае значэнне ў яўрэйскай культуры, гэта значыць, што Бартымэй не мог жыць у адпаведнасці з тым, да чаго быў пакліканы”, - дадаў Папа.
Бартымэй вучыць прасіць аб дапамозе
Святы Айцец таксама заўважыў, што ў адрозненні ад натоўпу, які ішоў за Езусам, Бартымэй быў нерухомы – ён сядзеў ля дарогі, бо яму быў патрэбны нехта, хто падніме яго і дапаможа зноў рушыць у шлях.
“Што мы можам зрабіць, калі апынаемся ў сітуацыі, якая здаецца безвыходнай? Бартымэй вучыць нас звяртацца да тых рэсурсаў, што носім у сабе і якія з’яўляюцца часткай нас. Ён жабрак – умее прасіць, і нават больш за тое – крычаць! Калі ты сапраўды чаго-небудзь жадаеш, зрабі ўсё, каб гэтага дасягнуць, нават калі іншыя папракаюць цябе, прыніжаюць або кажуць пакінуць. Калі ты сапраўды гэтага хочаш – працягвай крычаць!”, - параіў Папа.
Пантыфік нагадаў, што словы, якія Бартымэй крычаў да Езуса – “Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!” – сталі вядомай малітвай ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі, якой можам карыстацца і мы: “Пане Езу Хрысце, Сыне Божы, змілуйся нада мною, грэшным”.
Езус падштурхоўвае ўстаць і пайсці да Яго
“Бартымэй сляпы, але парадаксальным чынам ён бачыць лепш за іншых і распазнае, кім ёсць Езус”, - падкрэсліў Леў XIV, нагадаўшы, што, Езус, пачуўшы крык жабрака, спыніўся і загадаў паклікаць яго, “бо няма такога крыку, якога Бог не пачуў бы, нават калі мы не ўсведамляем, што звяртаемся да Яго”.
“Здаецца дзіўным, што, сустрэўшы сляпога чалавека, Езус сам не падыходзіць да яго. Але, калі задумацца – гэта спосаб аднавіць жыццё Бартымэя: Езус падштурхоўвае яго падняцца, верыць у яго здольнасць хадзіць. Гэты чалавек мог устаць, мог уваскрэснуць са сваёй “смерці”. Але каб зрабіць гэта, ён павінен быў здзейсніць вельмі важны жэст – скінуць свой плашч!”, - зазначыў Святы Айцец.
Пантыфік патлумачыў, што для жабрака плашч – гэта ўсё: бяспека, дом, абарона. Нават закон абараняў плашч жабрака і абавязваў вярнуць яго ўвечары, калі ён быў узяты ў заклад. “І ўсё ж, вельмі часта тое, што нас робіць нерухомымі – гэта нашы ўяўныя бяспекі, тое, чым мы сябе абараняем, але што нас на самой справе паралізуе. Каб падысці да Езуса і дазволіць Яму нас аздаравіць, Бартымэй павінен быў адкрыцца Яму ва ўсёй сваёй уразлівасці. Гэта ключавы крок на кожным шляху аздараўлення”, - падкрэсліў Папа.
Каб аздаравіцца, трэба гэтага жадаць
Святы Айцец заўважыў, што дзіўным здаецца і пытанне, якое Езус задаў Бартымэю: “Чаго ты хочаш, каб Я зрабіў табе?”. “Але, на самай справе, не факт, што мы сапраўды хочам аздаравіцца ад нашых хваробаў – часам мы аддаем перавагу заставацца нерухомымі, каб не браць на сябе адказнасць”, - адзначыў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што адказ Бартымэя быў глыбокі: ён ужыў дзеяслоў “anablepein”, які азначае “бачыць зноў”, але таксама можа перакладацца як “узняць позірк”. “Бартымэй хоча не толькі вярнуць сабе зрок – ён хоча вярнуць сваю годнасць. Каб глядзець угару, трэба ўзняць галаву. Часам людзі бываюць нерухомыя, бо жыццё іх прынізіла, і ўсё, чаго яны хочуць – вярнуць сабе пачуццё ўласнай вартасці”, - патлумачыў Леў XIV.
Езус аздараўляе нас, каб мы былі свабоднымі
“Тое, што збаўляе Бартымэя – як і кожнага з нас – гэта вера. Езус аздараўляе нас, каб мы былі свабоднымі. Ён не прымушае Бартымэя ісці за Ім, а проста кажа: “Ідзі” – распачні свой шлях. Але евангеліст Марк заканчвае аповед тым, што Бартымэй пайшоў за Езусам: ён свабодна вырашыў ісці за Тым, хто сам з’яўляецца Дарогай!”, - падкрэсліў Папа.
“Дарагія браты і сёстры! Давайце з даверам прынясём да Езуса нашы немачы і немачы нашых блізкіх. Прынясём да Яго боль тых, хто адчувае сябе згубленымі і не бачыць выйсця. Ускрыкнем да Яго таксама і за іх і будзем упэўненыя: Пан пачуе нас і спыніцца”, - сказаў на заканчэнне катэхезы Пантыфік.