MAP

Леў XIV: Бог не складае рэйтынгаў, Ён дорыць сябе ўсім

Бог не глядзіць на нашы заслугі, а хоча падарыць усім жыццё поўнае, вечнае і шчаслівае, - нагадаў Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 4 чэрвеня 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа прысвяціў катэхезу Прыпавесці пра работнікаў у вінаградніку (Мц 20, 1-7) – “аповеду, які жывіць нашу надзею”. “Часам нам здаецца, што не можам знайсці сэнсу ў сваім жыцці: адчуваем сябе непатрэбнымі, няздольнымі, як тыя работнікі, што чакалі на рыначнай плошчы, спадзеючыся, што нехта іх найме. Але час ідзе, жыццё мінае, а мы ўсё яшчэ не адчуваем сябе заўважанымі ці ацэненымі”, - сказаў Пантыфік.

Бог хоча дапамагчы нам адкрыць каштоўнасць нашага жыцця

Метафара рыначнай плошчы, паводле Папы, вельмі актуальная і для нашых часоў, бо “рынак – гэта месца гандлю, дзе, на жаль, часта гандлююць нават пачуццямі і годнасцю, імкнучыся атрымаць з гэтага нейкую выгаду”. “І калі чалавек не адчувае сябе ацэненым, прызнаным, узнікае спакуса “прадацца” першаму, хто выступіць з прапановай. Аднак Пан нагадвае нам, што наша жыццё каштоўнае, і Ён хоча дапамагчы нам гэта адкрыць”, - падкрэсліў Леў XIV.

Жыццё заўсёды мае сэнс

Папа адзначыў, што гаспадар вінаградніка з евангельскай прыпавесці выходзіў неаднойчы, “каб знайсці тых, хто чакаў магчымасці надаць сэнс свайму жыццю”: спачатку на світанні, а потым вяртаўся кожныя тры гадзіны, шукаючы работнікаў для свайго вінаградніка, нават за гадзіну да заканчэння працоўнага дня.

“Работнікі, што засталіся на плошчы, напэўна ўжо згубілі надзею. Здавалася, што дзень прайшоў дарма. І ўсё ж нехта паверыў у іх. Які сэнс наймаць працаўнікоў толькі на апошнюю гадзіну? Які сэнс ісці працаваць толькі гадзіну? І ўсё ж, нават калі нам здаецца, што мы можам зрабіць нешта зусім нязначнае, гэта ўсё роўна варта рабіць. Заўсёды ёсць магчымасць знайсці сэнс, бо Бог любіць наша жыццё”, - запэўніў Святы Айцец.

Бог глядзіць не на заслугі, а на патрэбу

Паводле Папы, “арыгінальнасць гэтага гаспадара бачна таксама і напрыканцы дня, калі прыйшоў час аплаты”. З першымі, што працавалі ад світанку, ён дамовіўся на адзін дынар – тыповы дзённы заробак. А іншым сказаў, што дасць тое, што будзе справядліва.

“І тут прыпавесць зноў заклікае нас паразважаць: што такое справядлівасць? Для гаспадара вінаградніка – гэта значыць для Бога – справядліва значыць даць кожнаму тое, што патрэбна для жыцця. Ён паклікаў работнікаў асабіста, ведаў іх годнасць і хацеў ім заплаціць на падставе яе. І даў усім па аднаму дынару”, - нагадаў Святы Айцец.

Леў XIV адзначыў, што тыя, хто працаваў ад світанку, засталіся расчараванымі, бо “не ўбачылі прыгажосці ўчынку гаспадара, які не быў несправядлівы, але проста шчодры – ён глядзеў не толькі на заслугі, але і на патрэбу”. “Бог хоча падарыць усім сваё Валадарства – гэта значыць жыццё поўнае, вечнае і шчаслівае. І так робіць Езус з намі: Ён не складае рэйтынгаў, а кожнаму, хто адкрывае Яму сэрца, дорыць самога сябе цалкам”, - сцвердзіў Папа.

Не марудзіць з адказам на пакліканне Пана!

Пантыфік заўважыў, што ў святле гэтай прыпавесці сучасны хрысціянін можа паддацца спакусе падумаць: “Навошта пачынаць працаваць адразу? Калі ўзнагарода тая самая, навошта працаваць больш?”. “На такія сумневы святы Аўгустын адказваў: “Чаму ты марудзіш ісці за тым, хто цябе кліча, калі ўпэўнены ва ўзнагародзе, але няпэўны ў дні? Глядзі, каб не пазбавіў сябе таго, што Ён хоча табе даць паводле абяцання, з-за таго, што адкладаеш”, - нагадаў Леў XIV.

“Я хачу асабліва сказаць моладзі: не чакайце, а з энтузіязмам адказвайце Пану, які кліча вас працаваць у сваім вінаградніку. Не марудзьце, закасвайце рукавы, бо Пан шчодры, і вы не будзеце расчараваныя! Працуючы ў Яго вінаградніку, вы знойдзеце адказ на тое глыбокае пытанне, якое носіце ў сэрцы: у чым сэнс майго жыцця?”, - сказаў Пантыфік.

“Дарагія браты і сёстры, не будзем паддавацца роспачы! Нават у цёмныя моманты, калі час ідзе, не даючы адказу на пытанні, якіх мы шукаем, давайце прасіць Пана, каб Ён зноў выйшаў да нас і знайшоў нас там, дзе мы Яго чакаем. Пан шчодры і прыйдзе хутка!”, - запэўніў напрыканцы сваёй катэхезы Святы Айцец.
 

04 чэрвеня 2025, 10:24

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >