MAP

Леў XIV: спагада – у першую чаргу пытанне чалавечнасці, а не рэлігіі

“Будзем жа маліцца, каб мы ўзрасталі ў чалавечнасці, каб нашы адносіны былі больш сапраўднымі і больш насычанымі спагадай”, - заклікаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якую правёў 28 мая 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Дарагія браты і сёстры, працягнем разважаць над некаторымі евангельскімі прыпавесцямі, якія даюць магчымасць змяніць перспектыву і адкрыцца на надзею. Недахоп надзеі часам узнікае з-за засяроджанасці на пэўным закамянелым і замкнёным спосабе ўспрымання рэчаіснасці, а прыпавесці дапамагаюць нам паглядзець на яе з іншага пункту гледжання”, - распачаў катэхезу Пантыфік.

Папа пракаментаваў прыпавесць пра Добрага самараніна, заўважыўшы, што Езус расказаў яе чалавеку дасведчанаму і падрыхтаванаму – настаўніку Закона, якому, аднак, трэба было “змяніць погляд, бо ён быў засяроджаны на сабе і не заўважаў іншых”.

У цэнтры прыпавесці знаходзіцца дарога – цяжкая і небяспечная, як і само жыццё. “Гэта дарога, па якой ішоў чалавек, спускаецца з Ерузалема – горада на гары – у Ерыхон, горад ніжэй за ўзровень мора. Гэта ўжо вобраз таго, што можа здарыцца: і сапраўды, на гэтага чалавека напалі, яго збілі, абрабавалі і пакінулі ледзь жывым. Гэта падобна да таго, што адбываецца, калі людзі, а часам нават тыя, каму мы давяралі, забіраюць у нас усё і пакідаюць нас сярод дарогі”, - сказаў Святы Айцец.

“Але жыццё складаецца з сустрэч, і ў гэтых сустрэчах праяўляецца тое, кім мы з’яўляемся насамрэч. Мы апынаемся перад іншым чалавекам, перад яго слабасцю і безабароннасцю і можам выбіраць: паклапаціцца пра яго ці зрабіць выгляд, што нічога не заўважылі. Святар і левіт ішлі той жа дарогай. Яны служылі ў Ерузалемскім храме, жылі ў святым месцы. Але практыкаванне веры не вядзе аўтаматычна да спагады. Спагада – гэта ў першую чаргу пытанне не рэлігіі, а чалавечнасці! Перш чым быць вернікамі, мы пакліканыя быць людзьмі”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік адзначыў, што святар і левіт, магчыма, спяшаліся дадому пасля доўгага прабывання ў Ерузалеме, але “менавіта спешка, такая частая ў нашым жыцці, часта перашкаджае нам адчуць спагаду”. “Хто лічыць, што яго шлях важнейшы за ўсё, не гатовы спыніцца дзеля іншага”, - дадаў ён.

Папа нагадаў, што сапраўдную здольнасць спыніцца выявіў самаранін – чалавек з народа, якім пагарджалі. “У яго выпадку Евангелле не ўдакладняе, куды ён ішоў, а толькі кажа, што быў у дарозе. Рэлігійнасць тут не мае значэння. Гэты самаранін спыніўся, бо быў чалавекам перад якім быў іншы чалавек, што меў патрэбу ў дапамозе”, - сказаў Пантыфік.

“Спачуванне выяўляецца праз канкрэтныя жэсты. Евангеліст Лука падрабязна апісвае дзеянні самараніна, якога мы называем “Добрым”, але які ў тэксце з’яўляецца проста чалавекам: самаранін наблізіўся, бо, калі хочаш дапамагчы, нельга заставацца на адлегласці – трэба ўцягнуцца, запэцкацца, можа, нават рызыкнуць; ён перавязаў раны, апрацаваўшы іх алеем і віном; пасадзіў параненага на сваю жывёліну – гэта значыць, узяў на сябе яго цяжар, бо сапраўдная дапамога – гэта калі ты гатовы адчуць цяжар пакут іншага; прывёз яго ў заезд, дзе заплаціў за яго “два дынары” – прыкладна дзве дзённыя платы; і паабяцаў вярнуцца, каб, калі спатрэбіцца, даплаціць яшчэ, бо іншы чалавек – гэта не пакунак, які трэба даставіць, а той, пра каго трэба паклапаціцца”, - падкрэсліў Леў XIV.

“Дарагія браты і сёстры, калі ж і мы будзем здольныя перапыніць свой шлях і адчуць спагаду? Калі ж зразумеем, што той паранены чалавек на дарозе прадстаўляе кожнага з нас? І тады памяць пра ўсе тыя моманты, калі Езус спыняўся, каб паклапаціцца пра нас, зробіць нас больш здольнымі да спагады. Будзем жа маліцца, каб мы ўзрасталі ў чалавечнасці, каб нашы адносіны былі больш сапраўднымі і больш насычанымі спагадай. Папросім у Сэрца Хрыста ласку ўсё больш мець Ягоныя пачуцці”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

28 мая 2025, 10:20

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >