Паралін: маліцца за мір, бо чалавечых намаганняў недастаткова
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Я лічу, што асноўная праблема – аднавіць атмасферу даверу паміж бакамі, бо менавіта гэтага і не хапае. Бакі не давяраюць адзін аднаму, таму не гатовыя ісці на саступкі. Вось чаму так важна, каб існавала гэта атмасфера, якая дазваляе весці прамы, канструктыўны дыялог”, - сказаў кардынал Паралін 4 чэрвеня 2025 года на палях канферэнцыі, арганізаванай у Рыме Папскай камісіяй па сакральнай археалогіі.
Дзяржсакратар падкрэсліў, што гаворка ідзе пра тое, каб “будаваць адносіны паступова, крок за крокам, ідучы насустрач адно аднаму”. “Я думаю, што ў любых перамовах трэба прайсці шлях кампрамісу, і менавіта кампраміс разам з выкананнем узятых абавязацельстваў дапамагае ствараць давер”, - дадаў ватыканскі іерарх.
Бліжэйшы супрацоўнік Папы нагадаў, што Касцёл, са свайго боку, “можа маліцца за мір”, бо “бачна, што чалавечых намаганняў недастаткова”. Ён адзначыў, што Святы Пасад “прапанаваў магчымасць для перамоў, і гэта прапанова, зробленая Папам яшчэ на пачатку яго пантыфікату, застаецца ў сіле”. У той жа час кардынал Паралін сказаў: “Але, з улікам атрыманых адказаў, я не думаю, што ёсць надзея, што ёю скарыстаюцца”.
Каментуючы трагічную сітуацыю ў Сектары Газа, Дзяржсакратар выказаў надзею на тое, што “хоць нейкі плён” прынясуць перамовы ў Досе. Ён нагадаў, што задача заключаецца ў спыненні агню, вызваленні заложнікаў і вяртанні целаў загінулых, а таксама гарантаванні бяспечнага доступу для гуманітарнай і медыцынскай дапамогі.