MAP

Пярсцёнак Рыбака Папы Льва XIV Пярсцёнак Рыбака Папы Льва XIV 

Пярсцёнак Рыбака і палій: сімвалы пятровага служэння Льва XIV

Служба папскіх літургічных цэлебрацый апублікавала фотаздымак пярсцёнка Рыбака, які заўтра будзе ўручаны Папу Льву XIV разам з пастырскім паліем падчас Імшы на пачатак яго пятровага служэння.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На ўнутраным баку пярсцёнка выгравіравана імя "Леў XIV", а звонку размешчана выява святога Пятра з ключамі і рыбалоўнай сеткай. Гэты атрыбут называецца "пярсцёнкам Рыбака" у напамін аб тым, што апостал Пётр быў рыбаком, які, паверыўшы Езусу, стаў лаўцом людзей выцягнуў на бераг сеткі з цудоўным уловам. Пярсцёнак таксама служыць афіцыйнай пячаткай, якая сімвалізуе задачу, даручаную Пятру – умацоўваць у веры братоў сваіх (пар. Лк 22:32). Гэтая місія даручана цяпер Папу Льву XIV.

16 мая 2025 года Служба папскіх літургічных цэлебрацый таксама прадставіла пастырскі палій, які разам з пярсцёнкам Рыбака з'яўляецца часткай атрыбутаў пятровага служэння. Палій выраблены з белай воўны, якая сімвалізуе біскупа як Добрага Пастыра і Баранка Божага, укрыжаванага дзеля збаўлення чалавецтва. Палій апранаецца на плечы і ўяўляе сабой вузкую белую стужку з шасцю чорнымі крыжамі і трыма булаўкамі (acicula), якія сімвалізуюць цвікі з крыжа Хрыстова.

Урачыстая Імша на пачатак пантыфікату Папы Льва XIV адбудзецца заўтра, 18 мая 2025 года, на Плошчы Святога Пятра.

Пастырскі палій Льва XIV
Пастырскі палій Льва XIV
17 мая 2025, 13:32