Кардынал Мендонса: Касцёл не ігнаруе “res novae” сучаснай эпохі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі на тэму сэнсу, арганізаванай Папскім фондам “Scholas Occurrentes” – арганізацыяй, заснаванай Папам Францішкам з мэтай спрыяння супрацоўніцтву паміж рознымі ўстановамі свету ў сферы адукацыі і выхавання моладзі. Форум прайшоў у Ватыкане пры падтрымцы Міжамерыканскага банка развіцця.
Партугальскі кардынал заўважыў, што Леў XIV, як і яго папярэднік на Пасадзе святога Пятра, меў досвед працы выкладчыкам і добра разумее каштоўнасць служэння школы – “надзвычайнай майстэрні чалавечнасці”. Ён нагадаў словы Святога Айца пра тое, што выхавацель і настаўнік павінен быць не “машынай для перадачы ведаў”, а “правадыром, сябрам, паплечнікам і бацькам”.
Іерарх адзначыў таксама ўвагу Касцёла да перамены эпохі, якая адбываецца ў наш час і звязана з пашырэннем выкарыстання новых тэхналогій, у прыватнасці штучнага інтэлекту. У гэтым кантэксце ён нагадаў, што Леў XIV абраў сваё папскае імя са спасылкай на Льва XIII, які мужна адказаў на глабальныя праблемы канца XIX стагоддзя, звязаныя з эканамічнымі зменамі ў тагачасным свеце. Тое самае Касцёл намераны зрабіць і ў адносінах да “res novae” – “новых рэчаў” сённяшняга дня, - запэўніў прэфект.
Кардынал Мендонса падкрэсліў, што, згодна са словамі Льва XIV, “тэхналагічную рэвалюцыю, якая адбываецца, мы не павінны ні ігнараваць, ні баяцца, але прыняць і інтэграваць з крытычным духам і чалавечым позіркам, каб выкарыстаць яе патэнцыял у служэнні інклюзіўнай адукацыі”.