Святы Пасад у ААН: штучны інтэлект павінен служыць прагрэсу
Марыя Валодзіна - Vatican News
Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра прыняў удзел у 28-й сесіі Камісіі ААН па навуцы і тэхналогіях для развіцця, якая прайшла ў Жэневе 10 красавіка 2025 года. Яго заява была прысвечана тэме сучасных інфармацыйных тэхналогій.
Эвалюцыя інфармацыйных тэхналогій пасля Сусветнага саміту па інфармацыйным грамадстве (2003 год) стварыла новыя магчымасці для развіцця, аднак і пагоршыла няроўнасць у свеце: многія краіны ўсё яшчэ не маюць неабходнай інфраструктуры, рэсурсаў і навыкаў для эфектыўнага выкарыстання гэтых тэхналогій, - адзначыў іерарх.
Святы Пасад занепакоены адсутнасцю прагрэсу ў забеспячэнні доступу да Інтэрнэту, асабліва ў найменш развітых краінах. Недаступнасць шырокапалоснай сеткі абмяжоўвае адукацыйныя і працоўныя магчымасці, доступ да сацыяльных паслуг і эканамічнай дзейнасці.
Нягледзячы на тое, што тэхналогіі, уключаючы штучны інтэлект, прапануюць новыя рашэнні многіх праблем, неабходна пазбягаць ілюзіі таго, што яны здольныя вырашыць усе праблемы. Замест гэтага неабходна выкарыстоўваць іх для прасоўвання больш чалавечнага, сацыяльнага і цэласнага прагрэсу, - заклікаў арцыбіскуп Балестрэра.
Новыя тэхналогіі нясуць значныя рызыкі, такія як камерцыялізацыя адукацыі, віртуалізацыя чалавечых адносін, распаўсюджванне фэйкаў і дэзінфармацыі, а таксама сур'ёзныя парушэнні прыватнасці, - папярэдзіў дыпламат.
Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў неабходнасць рэгулявання штучнага інтэлекту, улічваючы вялікія магчымасці і рызыкі гэтай тэхналогіі. Больш за тое, канцэнтрацыя ўлады ў руках некалькіх кампаній у галіне ШІ, выклікае значныя этычныя праблемы.
Распрацоўка кіруючых нормаў у галіне штучнага інтэлекту можа стаць крокам у правільным кірунку. Этычныя рамкі павінны гарантаваць, каб ШІ спрыяў сапраўднаму прагрэсу, і каб усе юрыдычныя асобы неслі адказнасць за яго выкарыстанне, - сцвердзіў назіральнік Святога Пасада пры ААН у Жэневе.