MAP

Ян Павел ІІ падчас святой Імшы Ян Павел ІІ падчас святой Імшы  (ANSA)

Кардынал Паралін: Ян Павел II жыў у празрыстасці перад Богам

У 20-ю гадавіну смерці святога Яна Паўла II, 2 красавіка 2025 года, кардынал П'етра Паралін узначаліў урачыстую Эўхарыстыю ў Базіліцы Святога Пятра, падкрэсліваючы, што Папа быў "пілігрымам надзеі" для Касцёла і чалавецтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці адзначыў у гаміліі, што хоць гэтая эўхарыстычная цэлебрацыя адбываецца падчас Вялікага посту, яна напоўнена ўдзячнасцю і радасцю, бо яднае ўсіх у благаслаўлёным успаміне смерці святога – яго dies natalis, пераходу да паўнаты жыцця.

Усё адкрыта перад Яго вачыма

Кардынал Паралін нагадаў, што ў сваёй апошняй паэтычнай кампазіцыі "Рымскі трыпціх" (2003) Ян Павел II сузіраў і чытаў усю рэальнасць, ад Стварэння да Суда, у святле погляду Бога, як бачанне Бога, якога ён называў "Першым, хто бачыць". Папа часта паўтараў словы з Паслання да Габрэяў: "Omnia nuda et aperta sunt ante oculos Eius – Усё аголена і адкрыта перад вачыма таго, перад якім мы адкажам” (Габ 4, 13).

Хто жыве пад поглядам Бога, не мае страху перад поглядам людзей

"Хто ўсведамляе, што жыве пад поглядам Бога, таму няма чаго хаваць і не мае ніякага страху перад поглядам людзей", - падкрэсліў кардынал Паралін, тлумачачы адну з асноў надзвычайнай мужнасці і пастаянства сведчання веры Яна Паўла II перад людзьмі ў кожнай сітуацыі, на працягу ўсяго жыцця і ўсяго выключнага па працягласці пантыфікату. "Ён ніколі не імкнуўся падабацца людзям, але Богу. Ён жыў перад Яго вачыма", - дадаў Дзяржаўны сакратар.

Божы Провід цудоўным чынам выратаваў мяне ад смерці

Кардынал Паралін нагадаў, што святы Папа ўсведамляў сябе пакліканым Богам да існавання і да служэння пантыфікату, але таксама адчуваў надзвычайную дапамогу і абарону ад Яго.

Падчас духоўных практыкаванняў у год Вялікага Юбілею 2000 года, успамінаючы дзень замаху на Плошчы Святога Пятра, ён запісаў для свайго тэстаменту: "Божы Провід цудоўным чынам выратаваў мяне ад смерці. Той, хто з'яўляецца адзіным Панам жыцця і смерці, Сам падоўжыў мне жыццё, у пэўным сэнсе падарыў яго мне нанова. З гэтага моманту яно яшчэ больш належыць Яму".

Толькі Хрыстус ведае, што ёсць у чалавеку

Дзяржаўны сакратар таксама нагадаў, што Ян Павел II з удзячнасцю і гонарам успамінаў свой удзел у Другім ватыканскім саборы "ад першага да апошняга дня" і быў перакананы, што "яшчэ доўга новым пакаленням будзе дадзена чэрпаць з яго багаццяў". Сабор быў для яго компасам арыентацыі ва ўніверсальным пастырскім служэнні для Касцёла і для ўсяго чалавецтва.

Сведчанне святых застаецца трывалым і жывым

Кардынал Паралін з удзячнасцю і захапленнем успомніў няспыннае служэнне справе міру святога Папы, яго палкія заклікі, дыпламатычныя ініцыятывы, каб да апошняга імгнення прадухіліць войны.

"Постаць гэтага свету хутка змяняецца. Святы Ян Павел II на працягу свайго жыцця і свайго вельмі доўгага пантыфікату бачыў, як змяняліся многія рэчы, і многае яшчэ змянілася за апошнія дваццаць гадоў. Але сведчанне святых застаецца трывалым і жывым, як вернасць Бога, на якой яно заснавана", - падкрэсліў кардынал Паралін.

Благаславі нас, святы Ян Павел II!

Завяршаючы сваю гамілію, кардынал Паралін звярнуўся да святога Папы словамі: "Благаславі нас, Святы Айцец Ян Павел II! Благаславі гэты Касцёл Пана ў дарозе, каб ён быў пілігрымам надзеі. Благаславі гэтае разарванае і дэзарыентаванае чалавецтва, каб яно знайшло шлях сваёй годнасці і свайго найвышэйшага паклікання, каб пазнала багацце міласэрнасці, Божай любові!"
 

02 красавіка 2025, 16:30