MAP

Духоўныя практыкаванні для Рымскай курыі Духоўныя практыкаванні для Рымскай курыі  (ANSA)

Папскі прапаведнік: дазволіць сабе пераўтварыцца

14 сакавіка 2025 года ў Ватыкане завяршыліся духоўныя практыкаванні на тэму “Надзея на вечнае жыццё”. У сваёй апошняй, дзесятай, медытацыі прапаведнік Папскага дома паразважаў над бесперапынным пераўтварэннем жыцця, параўнаўшы яго з зернем, якое, паміраючы, дае пачатак новаму жыццю.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Жыццё з яго прыгажосцю і выпрабаваннямі ставіць перад намі важнае пытанне: у чым сэнс нашага вандравання па гэтым свеце, калі ўсё скончыцца? Без надзеі на вечнасць цяжар рэчаіснасці можа раздавіць нас або выклікаць цынізм і роспач. Святы Павел заклікае нас скіраваць позірк на нябачнае, бо менавіта яно вечнае, - нагадаў айцец Рабэрта Пазаліні.

Нягледзячы на фізічны заняпад, чалавек з дня ў дзень унутрана абнаўляецца. Усё, што здаецца часовым і нетрывалым, насамрэч мае вялікае прызначэнне. Бог стварыў нас для ўваскрасення, і гэта не мара ці ўтопія, а натуральная логіка існавання, якое імкнецца да паўнаты, - сказаў прапаведнік.

У таямніцы Крыжа і Уваскрасення Бог ажыццявіў сваю задуму любові. Відавочнае паражэнне Укрыжаванага з’яўляецца адкрыццём Айца, які ніколі не адмаўляецца ад сваіх дзяцей. Гэта азначае, што наша жыццё не пакінута на волю выпадку, а з'яўляецца часткай Божай задумы ўсынаўлення і адкуплення, які робіць нас дзецьмі Божымі, - падкрэсліў капуцын.

Па яго словах, усё, што мы перажываем – радасць, смутак, дасягненні і няўдачы – з'яўляецца часткай бесперапыннага пераўтварэння, падобнага да зерня, якое, паміраючы, дае пачатак новаму жыццю. Таму смерць – не канец, а пераход да новага і слаўнага жыцця.

Гэта пераўтварэнне не толькі будучае – яно пачынаецца ўжо сёння. У Эўхарыстыі адбываецца таямнічы абмен: мы прапануем Богу сваё жыццё і атрымліваем наўзамен Хрыста, які пераўтварае нас у сваёй любові. Кожная Імша – гэта не проста сімвалічны абрад, а рэальны працэс нашага пераўтварэння, які робіць нас удзельнікамі вечнага жыцця ўжо цяпер, - адзначыў прапаведнік.

Мы не ведаем дакладна, як усё завершыцца, але мы ведаем: тое, кім мы станем, ужо закладзена ўнутры нас. Мы не асуджаныя на знікненне, а пакліканыя да будучыні, напоўненай надзеяй. Гэтая ўпэўненасць змяняе ўсё: наша жыццё – не бессэнсоўная кінастужка, а твор, напісаны і пастаўлены выдатным рэжысёрам, які прапануе нам зірнуць на вечнасць і ўпэўнена ісці да Яго, - сказаў айцец Пазаліні.

Бог даў нам годнасць сваіх дзяцей. Будучыня паўстае перад намі як толькі часткова раскрытая задума любові, але і тое, што мы бачым сёння, выдатна: мы – любімыя дзеці Божыя, грамадзянe неба, прызначаныя жыць з Богам і назаўжды, - такімі словамі прапаведнік Папскага дома завяршыў цыкл сваіх велікапостных разважанняў.

14 сакавіка 2025, 11:30