MAP

Штучны інтэлект. Ілюстрацыйная выява Штучны інтэлект. Ілюстрацыйная выява  (AFP or licensors) Калонка рэдактара

Штучны інтэлект: інструмент, які не замяняе багацце чалавечнасці

Штучны інтэлект павінен разглядацца як інструмент, які не замяняе чалавека. Яго назва можа ўводзіць у зман, бо надае чалавечыя рысы тэхналогіі, якая насамрэч іх не мае, напісаў у сваёй аўтарскай калонцы галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

Новы дакумент Antiqua et Novа нагадвае нам аб тым, што штучны інтэлект (ШІ) – гэта інструмент. Ён выконвае задачы, але не думае. Нельга прыпісваць яму чалавечыя характарыстыкі, таму што гэта машына, якая застаецца абмежаванай вобласцю логіка-матэматычнага аналізу. Ён не валодае ні семантычным разуменнем рэальнасці, ні інтуіцыяй ці творчай здольнасцю. Ён не валодае здольнасцю да маральнага распазнавання або незацікаўленай адкрытасці на сапраўднае, добрае і прыгожае. Карацей кажучы, яму не хапае таго, што глыбока чалавечае.

Чалавечы інтэлект комплексны: ён уключае ў сябе індывідуальныя і сацыяльныя, рацыянальныя і эмацыйныя аспекты. Ён развіваецца праз цялесны досвед і адносіны з іншымі людзьмі. Таму ШІ неабходна выкарыстоўваць толькі як інструмент, які дапаўняе чалавечы інтэлект і не замяняе багацце чалавечнасці. Не нясе маральнай адказнасці. Той адказнасці, якую нясуць людзі, якія распрацоўваюць і выкарыстоўваюць ШІ.

Усе рашэнні, прынятыя з дапамогай ШІ, павінны падлягаць ацэнцы з пункту гледжання іх уплыву на чалавечую годнасць і агульнае дабро. Гэтая ацэнка ўяўляе сабой фундаментальны этычны крытэрый для вызначэння законнасці ці незаконнасці выкарыстання ШІ.

Другі крытэрый маральнай ацэнкі ШІ тычыцца яго здольнасці спрыяць пазітыўным узаемаадносінам паміж чалавекам і яго асяроддзем, а таксама канструктыўнай узаемасувязі асобных людзей і супольнасцей. Для дасягнення гэтых мэт недастаткова проста назапашваць даныя і веды – трэба імкнуцца да сапраўднай "мудрасці сэрца", як заклікае Папа Францішак, каб выкарыстанне штучнага інтэлекту дапамагло чалавеку стаць лепш.

У гэтым сэнсе дакумент Святога Пасада перасцерагае ад залежнасці ад тэхналогіі. , прапаноўваючы выкарыстоўваць яе не для паступовай замены чалавечай працы, бо гэта можа прывесці да новых формаў маргіналізацыі і сацыяльнай няроўнасці, а хутчэй як інструмент для паляпшэння сацыяльнай дапамогі, развіцця паслуг і ўмацавання чалавечых адносін.

Акрамя таго, ШІ можа спрыяць лепшаму разуменню складаных фактаў і пошуку праўды. У гэтым кантэксце барацьба з фальсіфікацыямі, якія ствараюцца з дапамогай ШІ, патрабуе не толькі намаганняў галіновых экспертаў, але і ўдзелу кожнага.

Таксама неабходна прадухіляць выкарыстанне штучнага інтэлекту ў мэтах эксплуатацыі або абмежавання свабоды людзей, стварэння няроўнасці і сацыяльнага кантролю, калі чалавек становіцца проста наборам даных. Недапушчальна давяраць машынам рашэнні аб жыцці і смерці людзей ва ўмовах вайны: на жаль, у многіх канфліктах мы бачылі, колькі трагедый і разбурэнняў нясе зброя, якой кіруе штучны інтэлект.

29 студзеня 2025, 13:17