MAP

Аўдыенцыя для дыпламатычнага корпуса Аўдыенцыя для дыпламатычнага корпуса  (@Vatican Media)

Пантыфікат, асветлены надзеяй: дыпламаты прывіталі Льва XIV

Прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса пры Святым Пасадзе пажадалі Папу Льву XIV, каб яго пантыфікат, які пачаўся ў Юбілейны год, прысвечаны надзеі, быў адзначаны мірам, любоўю і братэрствам.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На пачатку сустрэчы Пантыфіка з дыпламатамі, якая адбылася 16 мая 2025 года, дэкан дыпламатычнага корпуса пры Святым Пасадзе, пасол Кіпра Георгіюс Паўлідэс, ад імя сваіх калег прывітаў Папу і пажадаў яму плённага пачатку яго апостальскай місіі.

“Канклаў з мудрасцю падарыў свету духоўнага і маральнага правадніка, чуласць якога сфармавалася ў душпастырскім досведзе, назапашаным у непасрэдным кантакце з выклікамі нашага часу – такімі, як беднасць, пошук справядлівасці, годнасць чалавека, патрэба ў любові, неабходнасць знайсці адказ на вялікія пытанні жыцця”, - сказаў дыпламат, адзначыўшы каштоўнасць гэтага досведу для вырашэння праблем, што выходзяць далёка за межы адной краіны ці кантынента.

Пасол Кіпра спаслаўся на словы Хрыстовага прывітання, якімі Леў XIV пачаў свой пантыфікат: “Супакой вам!”. Ад імя ўсяго дыпламатычнага корпуса пры Святым Пасадзе ён запэўніў Пантыфіка ў гатоўнасці адказаць на яго заклік быць будаўнікамі супакою і разам з ім супрацьстаяць незлічоным выклікам, якія ставіць сучасны свет.

Георгіюс Паўлідэс працытаваў святога Аўгусціна: “Калі ты любіш мір, май спачуванне да тых, хто не любіць тое, што любіш ты”, падкрэсліўшы, што гэтыя “простыя і моцныя словы заклікаюць нас пераадолець логіку абыякавасці і супрацьстаяння, каб нанава адкрыць шлях спагады як фундамент сапраўднага дыялогу паміж народамі, рэлігіямі і людзьмі”.

“Мы жывём ва ўсё больш складаныя часы, калі чалавецтва выглядае ўразлівым, дэзарыентаваным і шукае бяспечнага прытулку. Будучыня здаецца няпэўнай, а аптымізм мінулага знік”, - сказаў дыпламат, згадаўшы пра канфлікты, паглыбленне сацыяльнай няроўнасці, распаўсюджанне індывідуалізму і эгаізму, а таксама пра выпрабаванні, з якімі сутыкаецца міжнародная сістэма. У гэтым кантэксце “нам на дапамогу прыходзіць тысячагадовы вопыт Касцёла – бясцэнны скарб, з якога мы можам чэрпаць”, - сцвердзіў Паўлідэс.

“Ваша Святасць, дазвольце мне завяршыць прамову, моцна і рашуча пацвярджаючы гатоўнасць дыпламатычнага корпуса пры Святым Пасадзе, які я маю гонар прадстаўляць, распачаць разам з Вамі шлях супакою, будавання мастоў – каб суцішыць пакуты свету, адказаць на выклікі сучаснасці, паменшыць усё больш разбуральныя наступствы кліматычных змен, змагацца з няроўнасцю паміж людзьмі і народамі, якая пашыраецца, як адкрытая рана, і дапамагаць апошнім, безабаронным, забытым”, - сказаў дыпламат.

Пасол Кіпра пажадаў, каб час пантыфікату Льва XIV стаў перыядам плённым, асветленым надзеяй, падтрыманым малітвай вернікаў і супрацоўніцтвам усіх людзей добрай волі.
 

16 мая 2025, 10:16