MAP

Святы Айцец: навучымся ў Езуса крыку надзеі

Крык можа быць формай малітвай, калі ўжо не застаецца слоў, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 10 верасня 2025 года прайшла на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У сваёй катэхезе Леў XIV, заўважыў, што Евангеллі, апісваючы смерць Езуса на крыжы, перадаюць адну вельмі каштоўную дэталь, над якой варта разважаць у святле веры. “На крыжы Езус не памірае ў маўчанні. Ён не згасае павольна, як агеньчык, што гасне, але сыходзіць з жыцця з крыкам: “Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў” (Мк 15,37). Гэты крык утрымлівае ўсё: боль, адзіноту, веру, ахвяру. Гэта не толькі голас цела, якое здаецца, але апошні знак жыцця, што цалкам аддае сябе”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што крыку Езуса папярэднічала пытанне – адно з самых трагічных, якія толькі можна вымавіць: “Божа мой, Божа мой, чаму Ты Мяне пакінуў?”. “Сын, які заўсёды жыў у найглыбейшай еднасці з Айцом, цяпер перажывае маўчанне, адсутнасць, бездань. Гэта не крызіс веры, але апошні этап любові, якая аддае сябе цалкам. Крык Езуса – не адчай, але шчырасць, праўда даведзеная да краю, давер, які трывае нават тады, калі ўсё маўчыць”, - патлумачыў ён.

Святы Айцец заўважыў, што ў той момант неба стала цёмным і разарвалася заслона ў святыні. “Здавалася, сам свет удзельнічаў у тым болю, адначасова адкрываючы нешта новае: Бог больш не жыве за заслонай, Яго аблічча цяпер цалкам бачна ва Укрыжаваным. Там, у знявечаным чалавеку, адкрываецца найвялікшая любоў. Там мы можам распазнаць Бога, які не застаецца далёкім, але ўваходзіць да канца ў наш боль”, - сказаў Папа.

Гэта зразумеў сотнік, язычнік. “Не таму, што пачуў казанне, але таму, што бачыў, як памёр Езус: “Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым”. Гэта першае вызнанне веры пасля смерці Езуса. Гэта плён крыку, які не растварыўся ў паветры, але дакрануўся да сэрца. Часам тое, што мы не можам выказаць словамі, мы выказваем голасам. Калі сэрца перапоўненае, яно крычыць. І гэта не заўсёды знак слабасці, але можа быць глыбокім актам чалавечнасці”, - сказаў Пантыфік.

“Евангелле надае нашаму крыку вялікае значэнне, нагадваючы, што ён можа быць малітвай, пратэстам, жаданнем, ахвяраваннем. Больш за тое, ён можа стаць крайняй формай малітвы, калі ўжо не застаецца слоў. У той крыку Езус уклаў усё, што яшчэ меў: усю сваю любоў, усю сваю надзею”, - дадаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што ў крыку прысутнічае “надзея, якая не здаецца”, бо “крычыць той, хто верыць, што нехта ўсё яшчэ яго чуе”. “Езус не крычаў супраць Айца, але да Айца. Нават пасярод маўчання Ён быў перакананы, што Айцец там. І гэтым Ён паказаў нам, што і наша надзея можа крычаць, нават калі ўсё здаецца страчаным”, - сказаў Леў XIV.

Папа падкрэсліў, што тады крык становіцца духоўным жэстам. “Гэта не толькі першы акт нашага нараджэння – калі мы прыходзім на свет з плачам, – але і спосаб заставацца жывымі. Крычаць, калі пакутуюць, але таксама калі любяць, клічуць, моляцца. Крык – гэта знак, што мы існуём, што не хочам згаснуць у маўчанні, што маем яшчэ што даць”, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец зазначыў, што на жыццёвым шляху могуць быць моманты, калі трыманне ўсяго ў сабе можа нас павольна знішчыць. “Езус вучыць нас не баяцца крыку, калі ён шчыры, пакорны і звернуты да Айца. Крык ніколі не бывае марным, калі ён нараджаецца з любові. І ніколі не бывае праігнараваны, калі скіраваны да Бога. Гэта шлях, каб не паддацца цынізму, каб працягваць верыць, што іншы свет магчымы”, - сказаў Папа.

“Дарагія браты і сёстры, навучымся і гэтаму ў Пана Езуса: навучымся крыку надзеі, калі надыходзіць гадзіна найвялікшага выпрабавання. Не каб раніць, але каб даверыцца. Не каб крычаць супраць кагосьці, але каб адкрыць сэрца. Калі наш крык будзе праўдзівым, ён можа стаць парогам новага святла, новага нараджэння. Як у выпадку Езуса: калі ўсё выглядала скончаным, насамрэч пачыналася збаўленне. Калі выражаны ў даверы і свабодзе дзяцей Божых, пакутлівы голас нашай чалавечнасці, злучаны з голасам Хрыста, можа стаць крыніцай надзеі для нас і для тых, хто побач”, - запэўніў на заканчэнне катэхезы Пантыфік.
 

10 верасня 2025, 10:39

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >