MAP

Святы Айцец: наша ўразлівасць – мост да неба

Не будзем баяцца прасіць, асабліва тады, калі здаецца, што мы гэтага не заслугоўваем. Не будзем саромецца працягнуць руку, бо ў гэтым пакорным жэсце хаваецца збаўленне, - заахвоціў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 3 верасня 2025 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV прысвяціў сваю катэхезу апошнім словам Езуса на крыжы: “Прагну” (Ян 19,28) і “Споўнілася” (Ян 19,30). Ён заўважыў, што “смага Укрыжаванага – гэта не толькі фізічная патрэба змучанага цела”, але таксама і, у першую чаргу, “выраз глыбокага жадання любові, адносін, адзінства”.

“Гэта маўклівы крык Бога, які, жадаючы падзяліць увесь стан нашага чалавечага існавання, дазваляе сабе перажыць і гэту смагу. Ён – Бог, які не саромеецца прасіць глыток, бо гэтым жэстам паказвае нам, што сапраўдная любоў павінна не толькі даваць, але і ўмець прасіць”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што словам “Прагну” Езус адкрывае не толькі сваю чалавечнасць, але таксама і нашу, паказваючы, што ніхто не самадастатковы і не можа збавіцца сам. “Збаўленне не ў аўтаноміі, але ў пакорным прызнанні ўласнай патрэбы і ў здольнасці яе свабодна выказваць”, - сказаў Папа, дадаўшы, што жыццё “спаўняецца” не калі мы становімся моцнымі, але калі ўмеем прымаць.

“Езус не збаўляе праз відовішчны ўчынак, але просячы аб тым, чаго сам сабе даць не можа. І тут адчыняецца брама сапраўднай надзеі: калі нават Сын Божы вырашыў не быць самадастатковым, тады і наша прагненне – любові, сэнсу, справядлівасці – гэта не знак паразы, а праўды”, - дадаў Леў XIV.

Пантыфік заўважыў, што гэта праўда, якую цяжка прыняць у наш час, “які ўзвышае самадастатковасць, эфектыўнасць, прадуктыўнасць”. “Аднак Евангелле паказвае, што мера нашай чалавечнасці вызначаецца не тым, што мы можам здабыць, а здольнасцю дазволіць любіць сябе і, калі трэба, прымаць дапамогу”, – падкрэсліў ён.

Па словах Папы, апошнія словы Езуса на крыжы сведчаць, што просьба не прыніжае нашу годнасць, а вызваляе, асабліва калі нас паралізуе грэх. “Ад самага пачатку грэх нараджаў сорам. Але сапраўднае прабачэнне ўзнікае тады, калі мы можам паглядзець у твар таму, чаго патрабуем, і больш не баяцца адкінутасці”, - сцвердзіў Леў XIV.

Пантыфік падкрэсліў, што Езус на крыжы выказаў таксама смагу параненага чалавецтва, якое ўсё яшчэ шукае жывой вады. “І гэта смага не аддаляе нас ад Бога, а яднае з Ім. Калі маем мужнасць прызнаць яе, можам адкрыць, што нават наша ўразлівасць – гэта мост да неба. Менавіта ў просьбе – а не ў валоданні – адкрываецца шлях свабоды, бо мы перастаём прэтэндаваць на тое, каб быць самадастатковымі”, - адзначыў ён.

“У братэрстве, у простым жыцці, ва ўменні прасіць без сораму і даваць без разліку хаваецца радасць, якой свет не ведае. Гэта радасць, што вяртае нас да першапачатковай праўды нашага існавання: мы створаныя, каб дарыць і прымаць любоў”, - дадаў Папа.

Леў XIV заклікаў распазнаць у смазе Хрыста нашу смагу. “І давайце навучымся таму, што няма нічога больш чалавечага, нічога больш Божага, чым умець сказаць: “Я патрабую”. Давайце не будзем баяцца прасіць, асабліва тады, калі здаецца, што мы гэтага не заслугоўваем. Не будзем саромецца працягнуць руку. Бо менавіта там, у гэтым пакорным жэсце, хаваецца збаўленне”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

03 верасня 2025, 10:28

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >