MAP

Леў XIV: Крыж Езуса – самы каштоўны скарб у жыцці

Жыццё Езуса – скарб, які аднаўляе надзею, - сказаў Папа 6 верасня 2025 года падчас Юбілейнай аўдыенцыі для пілігрымаў, што прыбылі ў Рым – “горад з багатай гісторыяй, у якім мы можам умацавацца ў веры, любові і надзеі”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Разважаючы над евангельскай прыпавесцю пра скарб, схаваны ў полі (пар. Мц 13,44), Пантыфік прапанаваў вернікам успомніць пачуццё дзіцячай радасці ад гульні з зямлёй: капаць, ламаць цвёрдую зямную кару і адкрываць схаванае пад ёй. Ён падкрэсліў, што Божае Валадарства адкрываецца менавіта так: надзея аднаўляецца, калі мы сягаем глыбей за павярхоўную рэчаіснасць.

Леў XIV нагадаў, што, атрымаўшы свабоду публічна вызнаваць сваю веру, вучні Езуса пачалі праводзіць раскопкі, асабліва ў месцах Яго мукі, смерці і ўваскрасення. Ён заўважыў, што душой гэтых пошукаў была Флавія Юлія Алена, маці імператара Канстанціна – “жанчына, якая шукала; жанчына, якая капала”. “Сапраўдны скарб, які распальвае надзею – гэта жыццё Езуса: трэба ісці па Яго слядах”, - сцвердзіў Папа.

Пантыфік заўважыў, што імператрыца Алена магла б займацца мноствам іншых спраў, магла б наведаць шмат іншых месцаў замест далёкага Іерусаліма і карыстацца асалодамі і пашанай двара. “Таксама і мы, браты і сёстры, можам задаволіцца дасягнутымі пазіцыямі і багаццямі, большымі ці меншымі, якія даюць нам бяспеку. Але так губляецца дзіцячая радасць, тое жаданне капаць і адкрываць, што робіць кожны дзень новым”, - сказаў ён.

Леў XIV падкрэсліў, што найвялікшым адкрыццём святой Алены стаў Крыж Езуса. “Вось схаваны скарб, дзеля якога варта прадаць усё! Крыж Езуса – гэта найвялікшая адкрыццё ў жыцці, каштоўнасць, якая пераўтварае ўсе іншыя каштоўнасці”, - сцвердзіў ён, заўважыўшы, што Алена зразумела гэта, бо “доўга несла свой уласны крыж”.

“Яна не нарадзілася пры двары: кажуць, што яна была гаспадыняй заезду сціплага паходжання, у якую закахаўся будучы імператар Канстанцый. Ён ажаніўся з ёю, але потым дзеля палітычных разлікаў без вагання пакінуў яе, на доўгія гады разлучыўшы з сынам Канстанцінам. Стаўшы імператарам, Канстанцін таксама не раз прыносіў ёй пакуты і расчараванні, але Алена заўсёды заставалася сабой: жанчынай у пошуку. Яна вырашыла стаць хрысціянкай і заўсёды рабіла справы міласэрнасці, ніколі не забываючыся пра бедных, з якіх сама паходзіла”, - нагадаў Святы Айцец.

“Вялікая годнасць і вернасць сумленню і сёння змяняюць свет. Праца над уласным сэрцам патрабуе высілкаў, вялікай працы. Але калі капаць, можна знайсці; калі схіляцца – можна ўсё больш наблізіцца да Пана, які сам сябе прынізіў, каб стаць падобным да нас”, - сказаў Папа.

“Мы можам хадзіць пыхліва, бяздумна таптаючы скарб, што пад нашымі нагамі. Калі ж станем як дзеці, мы адкрыем іншае Валадарства, іншую моц. Бог заўсёды ля нашых ног, каб узняць нас угору”, - сказаў напрыканцы катэхезы Святы Айцец.
 

06 верасня 2025, 11:54

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >