Святы Айцец: прабачэнне мацнейшае за здраду
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Леў XIV прапанаваў паразважаць над “адным з самых узрушальных і светлых жэстаў Евангелля: момантам, калі Езус падчас Апошняй Вячэры падаў кавалак хлеба таму, хто збіраўся Яго выдаць”. “Гэта не проста жэст дзялення, але нешта значна большае: гэта апошняя спроба любові не здацца”, - падкрэсліў у сваёй катэхезе Пантыфік.
Папа нагадаў, што любоў Езуса “павінна была прайсці праз самую балючую рану – рану здрады”, але “замест таго, каб адступіць, абвінаваціць, абараніцца… Ён працягвае любіць: абмывае ногі, абмакае хлеб і падае яго”.
“Гэтым простым і пакорным жэстам Езус даводзіць сваю любоў да паўнаты. Не таму, што не разумее, што адбываецца, але таму, што бачыць усё з поўнай яснасцю. Ён ведае, што свабода іншага, нават калі ён згубіўся ў зле, усё яшчэ можа быць дасягнута святлом пяшчотнага жэсту. Бо сапраўднае прабачэнне не чакае пакаяння, але заўсёды робіць першы крок, прапаноўваючы сябе як дар яшчэ перад тым, як будзе прынята”, - патлумачыў Святы Айцец.
Пантыфік адзначыў, што любоў Бога “не спыняецца перад адмаўленнем, расчараваннем ці няўдзячнасцю”: Ён “робіць усё, каб дасягнуць нас, нават у гадзіну, калі мы Яго адкідваем”. “Любоў Езуса не адмаўляе праўды болю, але не дазваляе, каб зло стала апошнім словам. Гэта таямніца, якую Езус здзяйсняе дзеля нас і ў якой і мы часам пакліканыя ўдзельнічаць”, - сцвердзіў Папа.
“Евангелле паказвае, што заўсёды ёсць магчымасць працягваць любіць, нават калі ўсё здаецца безнадзейна разбітым”, - сказаў Пантыфік, адзначаючы, што “прабачыць – не азначае адмаўляць зло, але не даваць яму нараджаць новае зло”. “Гэта не значыць сказаць: “нічога не здарылася”, а зрабіць усё, каб не дазволіць крыўдзе вызначаць будучыню”, - дадаў ён.
Папа заўважыў, што калі мы “перажываем балючыя і цяжкія ночы” душы – ночы расчаравання, ночы, калі нехта нас параніў ці здрадзіў нам, узнікае “спакуса закрыцца, абараніцца, адплаціць тым жа”. Але Пан паказвае нам, што заўсёды ёсць іншы шлях. Ён вучыць, што можна падаць кавалак хлеба нават таму, хто адвярнуўся, не адмаўляцца ад любові.
Леў XIV заклікаў прасіць аб ласцы ўмення прабачаць, нават калі нас не разумеюць, калі мы адчуваем сябе пакінутымі, “бо менавіта ў такія хвіліны любоў можа дасягнуць сваёй вяршыні”. “Як вучыць Езус, любіць – гэта пакінуць іншага свабодным, нават свабодным здрадзіць, але ніколі не пераставаць верыць, што нават гэтая параненая і згубленая свабода можа быць вырвана з цемры падману і вернута святлу дабра”, - сказаў ён.
Па словах Святога Айца, “калі святло прабачэння пранікае праз самыя глыбокія расколіны сэрца, мы разумеем, што яно ніколі не бывае дарэмным”. “Нават калі іншы яго не прымае, нават калі здаецца, што яно марнае, прабачэнне вызваляе таго, хто яго дорыць: растварае крыўду, вяртае спакой, зноў злучае нас з самімі сабой”, - запэўніў Пантыфік, дадаючы, што “кожная здрада можа стаць нагодай для збаўлення, калі прыняць яе як прастору для большай любові”. “Езус не скараецца перад злом, але перамагае яго дабром, не дазваляючы яму загасіць тое, што ў нас найпраўдзівейшае: здольнасць любіць”, - падкрэсліў на заканчэнне катэхезы Папа.