Пантыфік: Хрыстовы спакой – гэта не камфорт, а агонь любові ў сэрцы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Дарагія браты і сёстры! Якая гэта радасць – быць разам! А ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі дорыць нам яшчэ больш глыбокую радасць. Бо ўжо сама магчымасць сёння быць побач і перамагаць адлегласць, гледзячы адзін аднаму ў вочы, як сапраўдныя браты і сёстры – гэта дар”, - сказаў Святы Айцец на пачатку сваёй гаміліі.
Пантыфік падкрэсліў, што “яшчэ большы дар – перамагаць у Пану смерць”. “Езус перамог смерць – нядзеля, гэта Яго дзень, дзень Уваскрасення – і разам з Ім мы ўжо пачынаем перамагаць яе. Так і ёсць: кожны з нас прыходзіць у касцёл з пэўнай стомленасцю і страхам – часам малымі, часам вялікімі – і адразу мы становімся менш самотнымі, бо мы разам, і знаходзім тут слова і Цела Хрыста. Так нашыя сэрцы атрымліваюць жыццё, якое мацнейшае за смерць. Гэта робіць у нас і паміж намі Дух Святы, Дух Уваскрослага: ціхім чынам, нядзеля за нядзеляй, дзень за днём”, - сказаў Леў XIV.
Каментуючы евангельскі ўрывак, у якім Езус кажа, што прыйшоў даць зямлі “не спакой, але раздзяленне”, Пантыфік адзначыў, што гэтыя словы могуць выклікаць неразуменне, але варта памятаць, што спакой, які дае Хрыстус, адрозніваецца ад таго, які дае свет.
“Дарагія сябры, свет прывучае нас блытаць спакой з камфортам, дабро – з бестурботнасцю. Таму, каб настаў сярод нас сапраўдны Божы спакой, шалом Бога, Езус павінен сказаць: “Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся” (Лк 12,49). Магчыма, нават у нашых сем’ях, як прадказвае Евангелле, і сярод сяброў узнікнуць падзелы з-за гэтага. Хтосьці параіць нам не рызыкаваць, зберагчы сябе, бо галоўнае – жыць у спакоі, а людзі не вартыя таго, каб іх любіць. Аднак Езус мужна ўвайшоў у нашу чалавечую рэчаіснасць. Вось той “хрост”, пра які Ён кажа (пар. Лк 12,50): гэта хрост крыжовы, поўнае пагружэнне ў рызыкі, якія нясе з сабою любоў. І калі мы, як кажуць, “прымаем Камунію”, мы сілкуемся гэтым Яго адважным дарам. Імша падтрымлівае ў нас гэта рашэнне: жыць не для сябе, але несці ў свет агонь. Не агонь зброі і не агонь слоў, што спальваюць іншых. Не. Але агонь любові, якая схіляецца і служыць, якая супрацьставіць абыякавасці – клопат, а гвалту – лагоднасць. Агонь дабрыні, які не мае такога кошту як узбраенні, але бескарысліва абнаўляе свет. Ён можа каштаваць непаразумення, насмешак, нават пераследу, але няма большага спакою, чым мець у сэрцы Яго полымя”, - запэўніў Святы Айцец.
Пантыфік падзякаваў усім, хто ў дыяцэзіі Альбана стараецца несці агонь любові, заклікаўшы ніколі не падзяляць людзей на тых, хто нясе дапамогу і тых, хто яе атрымлівае.
“Мы – Касцёл Пана, Касцёл бедных, усе каштоўныя, усе – суб’екты, кожны носіць у сабе адметнае Божае слова. Кожны з нас – дар для іншых. Давайце разбураць муры. Дзякую ўсім, хто ў кожнай хрысціянскай супольнасці дапамагае сустрэчы людзей рознага паходжання, рознай эканамічнай, псіхічнай сітуацыі ці сітуацыі ў асабістым жыцці. Бо толькі разам, толькі становячыся адным Целам, у якім нават самы слабы ўдзельнічае з поўнай годнасцю, мы ёсць Целам Хрыста, Касцёлам Божым. Гэта адбываецца тады, калі агонь, які прынёс Езус, спальвае нашы прадузятасці, лішнія асцярожнасці і страхі, што яшчэ маргіналізуюць тых, у чыёй гісторыі выразна бачная беднасць Хрыста. Не пакідайма Пана за дзвярыма нашых касцёлаў, дамоў, жыцця. Наадварот, прымайма Яго ў бедных – і тады мы зможам прымірыцца таксама з уласнай беднасцю, той, якой мы баімся і якую адмаўляем, калі шукаем спакой і бяспеку любой цаной”, - сказаў Пантыфік.
“Няхай заступаецца за нас Найсвяцейшая Панна Марыя, якая пачула ад старца Сімяона, што яе Сын Езус будзе “знакам, якому супраціўляцца будуць” (Лк 2,34). Няхай адкрыюцца думкі нашых сэрцаў, і няхай полымя Святога Духа ператворыць іх з каменных у сэрцы з цела”, - пажадаў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі.