Папа: нават у цемры выпрабаванняў хаваецца зерне новага жыцця
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Леў XIV працягнуў катэхетычны цыкл “Езус Хрыстус – наша надзея”, засяродзіўшыся на апавяданні пра арышт Езуса ў Аліўным садзе. Ён заўважыў, што евангеліст Ян “паказвае Езуса не напалоханым, які ўцякае ці хаваецца”, а, наадварот, “як свабоднага чалавека, які сам выходзіць насустрач і бярэ слова, адкрыта прымаючы тую гадзіну, калі можа паказаць святло найвялікшай любові”.
“Езуса не схапілі – Ён сам аддаў сябе. Ён не ахвяра арышту, а аўтар дару. У гэтым жэсце ўвасабляецца надзея збаўлення для ўсяго чалавецтва: ведаць, што нават у самую цёмную гадзіну можна заставацца свабодным, каб любіць да канца”, - адзначыў Папа.
Пантыфік нагадаў, што жаўнеры ўпалі на зямлю, калі Езус адказаў ім: “Гэта Я!”, што ў біблійным кантэксце з’яўляецца імем Бога. “Езус паказвае, што прысутнасць Бога адкрываецца там, дзе чалавек перажывае несправядлівасць, страх і адзіноту”, - патлумачыў Святы Айцец.
“У сэрцы ночы, калі ўсё здаецца страчаным, Езус паказвае, што хрысціянская надзея – гэта не ўцёкі, а рашэнне. Такое стаўленне нараджаецца ў глыбокай малітве, у якой не просяць Бога пазбавіць ад цярпення, але просяць сілы вытрываць у любові, разумеючы, што жыццё, ахвяраванае ў любові, ніхто не можа адабраць”, - дадаў ён.
Па словах Папы, Езус усё жыццё рыхтаваўся да гэтай “драматычнай і найвышэйшай гадзіны”. “Таму, калі яна прыйшла, Ён меў сілы не шукаць выратавання. Яго Сэрца ведала: згубіць жыццё дзеля любові – гэта не параза, а таямнічая плоднасць. Як зерне пшаніцы, што, упаўшы ў зямлю, памірае і прыносіць плён”, - сказаў ён.
“У гэтым заключаецца сапраўдная надзея: не ў тым, каб пазбегнуць болю, але ў веры, што нават у самым несправядлівым цярпенні хаваецца зерне новага жыцця”, - падкрэсліў Пантыфік.
Папа заклікаў вернікаў задумацца, як часта “мы абараняем сваё жыццё, планы, бяспеку і не заўважаем, што такім чынам застаёмся самотнымі”. “Логіка Евангелля іншая: толькі тое, што дорыцца, квітнее; толькі любоў, якая становіцца бескарыслівай, можа вярнуць давер нават там, дзе ўсё здаецца страчаным”, - дадаў ён.
Леў XIV прыгадаў, што ў Евангеллі паводле Марка распавядаецца таксама пра юнака, які, калі Езуса арыштавалі, уцёк голы. “Гэта вобраз загадкавы, але вельмі красамоўны. І мы, ідучы за Езусам, перажываем хвіліны, калі застаёмся без усяго, што давала нам упэўненасць. Гэта найцяжэйшыя моманты, калі ўзнікае спакуса пакінуць дарогу Евангелля, бо шлях любові здаецца немагчымым. І ўсё ж напрыканцы Евангелля менавіта гэты юнак абвяшчае жанчынам уваскрасенне – ужо не голы, а апрануты ў белае адзенне”, - нагадаў Святы Айцец.
“У жыцці не трэба мець усё пад кантролем. Дастаткова кожны дзень выбіраць любоў, выбіраць свабодна. Вось што з’яўляецца сапраўднай надзеяй: ведаць, што нават у цемры выпрабаванняў любоў Бога нас падтрымлівае і дапамагае саспець у нас плёну вечнага жыцця”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.