Леў XIV: не адказваць на гвалт помстай, быць вернымі праўдзе ў любові
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Сённяшняе Евангелле прапануе нам вельмі патрабавальны ўрывак, у якім Езус, ужываючы моцныя вобразы і з вялікай адкрытасцю, кажа вучням, што Яго місія, а таксама і місія тых, хто ідзе за Ім – гэта зусім не “шлях ружаў і кветак”, але “знак, якому супраціўляцца будуць”, - нагадаў Святы Айцец.
“Гэтымі словамі Пан прадказвае тое, што Яго чакае ў Ерузалеме: непрыязнасць, арышт, абразы, бічаванне, укрыжаванне; тое, што Яго пасланне, хоць яно гаворыць пра любоў і справядлівасць, будзе адкінута; тое, што кіраўнікі народа з лютасцю адрэагуюць на Яго прапаведаванне. Таксама і многія супольнасці, да якіх евангеліст Лука звяртаўся са сваімі пісаннямі, перажывалі тое ж самае. Яны былі, як сведчаць Дзеі Апосталаў, супольнасцямі мірнымі, якія, нягледзячы на свае абмежаванні, стараліся жыць паводле вучэння Настаўніка пра любоў (пар. Дз 4,32-33). І ўсё ж яны падвяргаліся пераследам”, - нагадаў Папа.
“Усё гэта нагадвае нам, што дабро не заўсёды сустракае вакол сябе добры водгук. Наадварот, часам яго прыгажосць замінае тым, хто не хоча яго прыняць, і той, хто яго здзяйсняе, сутыкаецца з жорсткім супрацівам, аж да гвалту і крыўдаў. Жыць у праўдзе заўсёды дорага каштуе, бо ў свеце ёсць тыя, хто выбірае хлусню, і д’ябал, карыстаючыся гэтым, неаднаразова спрабуе перашкодзіць учынкам добрых”, - дадаў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што “Езус заклікае нас, з Яго дапамогаю, не здавацца і не паддавацца гэтаму ладу мыслення, але няспынна дзейнічаць дзеля дабра – свайго і іншых, нават тых, хто нам прычыняе пакуты”. “Ён заклікае не адказваць на гвалт помстай, але заставацца вернымі праўдзе ў любові. Мучанікі сведчылі пра гэта, аддаючы жыццё за веру; але і мы, у іншых абставінах і іншымі спосабамі, можам пераймаць іх прыклад”, - падкрэсліў Леў XIV.
“Давайце падумаем, напрыклад, пра кошт, які павінен заплаціць добры бацька ці маці, калі жадаюць выхаваць сваіх дзяцей паводле здаровых прынцыпаў: рана ці позна ім трэба будзе сказаць “не”, неяк паправіць – і гэта ім будзе каштаваць пакут. Тое самае датычыць і настаўніка, які хоча сумленна фармаваць вучняў, работніка, кансэкраванай асобы, палітыка, што імкнуцца спаўняць сваю місію сумленна; і кожнага, хто стараецца выконваць уласныя абавязкі паслядоўна, паводле Евангелля”, - сказаў Папа.
Леў XIV нагадаў, словы святога Ігнацыя Антыяхійскага, які, калі ішоў у Рым на мучаніцкую смерць, пісаў хрысціянам гэтага горада: “Не жадаю, каб вы шукалі прыняцця ў людзей, але ў Богу”. І дадаваў: “Для мяне лепш памерці ў Езусе Хрысце, чым панаваць аж да краю зямлі”.
“Будзем жа разам прасіць Марыю, Каралеву Мучанікаў, каб дапамагала нам заўсёды заставацца вернымі і адважнымі сведкамі яе Сына, і каб падтрымлівала братоў і сясцёр, якія сёння церпяць за веру”, - заклікаў на заканчэнне свайго разважання Пантыфік.