MAP

Леў XIV: любоў – не плён выпадковасці, а свядомага выбару

“Эўхарыстыя цэлебруецца не толькі на алтары, але таксама ў штодзённасці, дзе ўсё можна перажываць як ахвяру і падзяку”, - нагадаў Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 6 жніўня 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік працягнуў Юбілейны катэхетычны цыкл “Езус Хрыстус – наша надзея”, прапанаваўшы пачаць разважанні над таямніцай мукі, смерці і ўваскрасення Езуса. У цэнтры ўвагі Папы было слова “прыгатавацца”, якое “здаецца простым, але ўтрымлівае ў сабе каштоўную таямніцу хрысціянскага жыцця”.

“У Евангеллі паводле святога Марка гаворыцца: “У першы дзень Праснакоў, калі ахвяравалі Пасху, сказалі Яму вучні Ягоныя: “Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе з’есці Пасху?”” (Мк 14, 12). Гэта практычнае пытанне, але таксама напоўненае чаканнем. Вучні адчуваюць, што павінна адбыцца нешта важнае, хоць і не ведаюць усіх дэталяў. Адказ Езуса гучыць амаль як загадка: “Ідзіце ў горад; там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады” (14, 13). Дэталі становяцца сімвалічнымі: мужчына, што нясе збан (звычайна гэта была жаночая справа ў тыя часы), ужо падрыхтаваны верхні пакой, невядомы гаспадар дому. Усё выглядае так, быццам загадзя прадугледжана. І сапраўды, так і ёсць”, - сказаў Папа.

“У гэтым урыўку Евангелле паказвае нам, што любоў – не плён выпадковасці, а свядомага выбару. Гаворка ідзе не проста пра рэакцыю, а пра рашэнне, якое патрабуе падрыхтоўкі. Езус не ўспрымае сваю муку як непазбежнасць, але як вернасць шляху, прынятаму і пройдзенаму са свабодай і клопатам. І гэта нас суцяшае: мы ведаем, што дар Яго жыцця нараджаецца з глыбокага намеру, а не з раптоўнага імпульсу”, - дадаў ён.

Пантыфік заўважыў, што “падрыхтаваны верхні пакой”, пра які кажа Евангелле, указвае на тое, што Бог заўсёды апярэджвае нас. “Яшчэ да таго, як мы ўсвядомім, што патрабуем прыняцця, Пан ужо падрыхтаваў для нас прастору, дзе мы можам пазнаць сябе і адчуць сябе Яго сябрамі”, - сказаў ён, дадаючы, што гэтым месца з’яўляецца наша сэрца, якое павінна быць ўпарадкавана.

“Пасха, якую вучні павінны падрыхтаваць, на самой справе ўжо была падрыхтавана ў сэрцы Езуса. Гэта Ён усё прадумаў, усё ўпарадкаваў, усё вырашыў. Аднак Ён просіць сваіх сяброў зрабіць сваю частку. Гэта вучыць нас важнай ісціне для нашага духоўнага жыцця: ласка не скасоўвае нашу свабоду, але абуджае яе. Божы дар не знішчае нашую адказнасць, але робіць яе плённай”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле слоў Льва XIV, “таксама і сёння ёсць вячэра, якую трэба падрыхтаваць”, і гаворка ідзе не толькі пра літургію. “Эўхарыстыя цэлебруецца не толькі на алтары, але і ў штодзённасці, дзе ўсё можна перажываць як ахвяру і падзяку”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што прыгатавацца да яе – значыць у першую чаргу “прыбраць тое, што загрувашчвае месца, зніжаць патрабаванні, пераставаць трымацца за нерэальныя чаканні”.

Папа нагадаў таксама, што сапраўдная любоў даецца раней, чым атрымлівае адказ. “Гэта – дар наперад. Яна грунтуецца не на тым, што атрымлівае, а на тым, што хоча даць. Гэта менавіта тое, што Езус перажывае са сваімі: калі яны яшчэ не разумелі, калі адзін рыхтаваўся Яму здрадзіць, а другі – адрачыся, Ён падрыхтоўваў для ўсіх вячэру яднання”, - сказаў Святы Айцец.

“Дарагія браты і сёстры, мы таксама запрошаныя “падрыхтаваць Пасху” Пана. Не толькі літургічную, але і тую, што адбываецца ў нашым жыцці. Кожны жэст даступнасці, кожны бескарыслівы ўчынак, кожнае прабачэнне, дадзенае загадзя, кожная цярпліва прынятая цяжкасць – гэта спосаб падрыхтаваць месца, дзе Бог можа жыць”, - сцвердзіў Леў XIV.

Пантыфік заахвоціў вернікаў задумацца над тым, якія сферы жыцця яны павінны прывесці ў парадак, каб быць гатовымі прыняць Пана. “Што сёння значыць для мяне “прыгатавацца”? Магчыма, гэта значыць адмовіцца ад патрабаванняў, перастаць чакаць, што іншы зменіцца, зрабіць першы крок. Магчыма, больш слухаць, менш дзейнічаць або давяраць таму, што ўжо было прадугледжана”, - заклікаў паразважаць Папа.

“Калі мы прымем запрашэнне падрыхтаваць месца для яднання з Богам і паміж намі, мы адкрыем, што нас акружаюць знакі, сустрэчы, словы, якія вядуць да таго прасторнага і ўжо прыгатаванага пакою, дзе бясконцая любоў цэлебруецца няспынна - любоў, якая падтрымлівае нас і заўсёды нас апярэджвае”, - сказаў Святы Айцец, нагадаўшы, што “там, дзе любоў была падрыхтавана, жыццё сапраўды можа заквітнець”.
 

06 жніўня 2025, 11:21

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >