MAP

Леў XIV: мець надзею – гэта ведаць, што Бог не пакіне ніколі

Нават калі мы можам здрадзіць Богу, Ён не перастане любіць нас. І калі дазволім гэтай любові дасягнуць нас, мы зможам нарадзіцца нанова, - запэўніў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 13 жніўня 2025 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Працягваючы цыкл катэхез “Езус Хрыстус – наша надзея”, Папа прапанаваў паразважаць над драматычнай, але глыбока праўдзівай евангельскай сцэнай, калі падчас Апошняй вячэры Езус адкрывае Дванаццаці, што адзін з іх вось-вось здрадзіць Яму: “Сапраўды кажу вам, што адзін з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне” (Мк 14,18).

Гэтыя “моцныя словы” Езус вымаўляе не для асуджэння, а “каб паказаць, што любоў, калі яна сапраўдная, не можа абыходзіцца без праўды”, - падкрэсліў Пантыфік. “Пакой на верхнім паверсе, дзе крыху раней усё было з клопатам падрыхтавана, раптам напаўняецца ціхім болем, які складаецца з пытанняў, падазрэнняў, уразлівасці. Гэта боль, які мы добра ведаем, калі ў адносіны з самымі дарагімі людзьмі закрадаецца цень здрады”, - дадаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што Езус кажа пра тое, што павінна адбыцца, вельмі спакойна: Ён не ўздымае голас, не паказвае пальцам, не называе імя Юды, але гаворыць так, каб кожны змог задумацца. І менавіта гэта адбываецца: вучні засмуціліся і пачалі казаць Яму адзін за адным: “Ці не я?”.

“Дарагія сябры, гэтае пытанне – “Ці не я?” – адно з самых шчырых, якія мы можам задаць сабе. Гэта не пытанне нявіннага, а вучня, які ўсведамляе сваю слабасць. Гэта не крык вінаватага, а шэпт таго, хто, хоць і хоча любіць, ведае, што можа параніць. У гэтым усведамленні пачынаецца шлях збаўлення”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што Езус не асуджае, каб прынізіць, а гаворыць праўду, бо хоча збавіць. “Каб быць збаўленым, трэба адчуваць: адчуваць, што гэта датычыць і цябе; адчуваць, што цябе любяць нягледзячы ні на што; адчуваць, што зло рэальнае, але не мае апошняга слова. Толькі той, хто пазнаў праўду глыбокай любові, можа прыняць таксама і рану здрады”, - дадаў Папа.

Леў XIV заўважыў, што рэакцыяй вучняў на словы Хрыста не была злосць ці абурэнне, а смутак, які нараджаецца з адчування рэальнай магчымасці быць уцягнутым у здраду. “І менавіта гэты смутак, калі яго прыняць шчыра, становіцца месцам навяртання. Евангелле не вучыць нас закрываць вочы на зло, але прызнаваць яго як балючую магчымасць адраджэння”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу таксама на словы Езуса, якія трывожаць і прымушаюць задумацца: “Гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага! Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца” (Мк 14,21). Ён патлумачыў, што гэта цяжкія словы, але іх трэба разумець правільна: гэта не праклён, а хутчэй крык болю і выраз шчырага і глыбокага спачування.

“Мы прызвычаіліся асуджаць. Бог жа згаджаецца пакутаваць. Калі Ён бачыць зло, не помсціць, а засмучаецца. І словы “лепш было б не нарадзіцца” – гэта не прысуд, а праўда, якую можа распазнаць кожны: калі мы выракаемся любові, якая нас стварыла, калі праз здраду становімся нявернымі самім сабе, тады губляем сэнс свайго прыйсця ў свет і выключаем сябе са збаўлення”, - папярэдзіў Леў XIV.

Святы Айцец адзначыў, што нават у гэтым самым змрочным пункце святло не гасне, а пачынае ззяць. “Калі мы прызнаем сваю абмежаванасць і дазволім крануць сябе болем Хрыста, мы можам нарадзіцца нанова. Вера не пазбаўляе магчымасці граху, але заўсёды паказвае шлях выйсця: шлях міласэрнасці”, – падкрэсліў ён.

Пантыфік дадаў: Езус не здзіўляецца нашай слабасці, бо добра ведае, што ніводнае сяброўства не застрахавана ад рызыкі здрады. “Ён працягвае давяраць. Ён працягвае садзіцца за стол са сваімі. Не адмаўляецца ламаць хлеб нават для таго, хто здрадзіць Яму. Гэта ціхае, але моцнае сведчанне Бога: Ён ніколі не пакідае стала любові, нават калі ведае, што застанецца адзін”, - нагадаў Папа.

“Дарагія браты і сёстры, і мы можам сёння шчыра спытаць сябе: “Ці не я?”. Не каб адчуць сябе абвінавачанымі, але каб адкрыць у сэрцы прастору для праўды. Збаўленне пачынаецца тут: з усведамлення таго, што мы можам быць тымі, хто парушае давер да Бога, але можам быць і тымі, хто яго прымае, захоўвае, абнаўляе”, - сказаў Святы Айцец.

Леў XIV падкрэсліў, што ў гэтым і ёсць надзея: ведаць, нават калі мы можам упасці, Бог ніколі не пакіне нас. “Нават калі мы можам здрадзіць, Ён не перастане любіць нас. І калі дазволім гэтай любові дасягнуць нас – любові пакорнай, параненай, але заўсёды вернай – мы зможам сапраўды нарадзіцца нанова. І пачнём жыць ужо не як здраднікі, а як дзеці, якіх заўсёды любяць”, - завяршыў катэхезу Папа.
 

13 жніўня 2025, 10:24

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >