Святы Айцец: дзеці маюць права на справядлівы і трывалы мір
Марыя Валодзіна - Vatican News
Адказваючы на ліст Зайры з Бэнэвэнта, Леў XIV звяртаецца да ўсіх людзей з заклікам да штодзённага ўнутранага навяртання дзеля пабудовы міру ў свеце. Ён падкрэслівае, што “агонь Божай любові, які распальваецца праз сустрэчу з жывым Хрыстом у Эўхарыстыі, пастаянна заклікае нас дзейнічаць дзеля дабра і адзінства чалавечай сям’і”.
Пантыфік нагадаў, што ў хрысціянскім разуменні мір – гэта дар Божы. “Але гэты дар – актыўны. Ён датычыцца кожнага з нас, незалежна ад паходжання ці рэлігійнай прыналежнасці, і патрабуе, перш за ўсё, працы над самім сабой”, - напісаў ён.
“Мір будуецца ў сэрцы і пачынаецца з сэрца, праз выкараненне пыхі і прэтэнзій, праз умеранасць у словах – бо раніць і нават забіваць можна не толькі зброяй, але і словам”, - дадаў Святы Айцец.
Мы ўсе пакліканы да ачышчэння сэрца для пабудовы мірных адносін. Для гэтага мы павінны ўзмацніць малітву да Бога супакою. “Колькі часу мы прысвячаем малітве, супольнай і асабістай, просячы штодзённа аб міры?” - запытаў Папа.
Леў XIV заклікаў “настойваць на дыялогу на ўсіх узроўнях, каб спрыяць культуры сустрэчы, а не канфрантацыі”. Ён таксама нагадаў пра неабходнасць абмежавання ўлады. Важна спалучаць малітву з мужнымі ўчынкамі і “цярплівай настойлівасцю маленькіх крокаў”.
“Вайна не возьме верх. Дзеці маюць права на сапраўдны, справядлівы і трывалы супакой”, - сцвердзіў Папа.