MAP

Папа: папросім Бога аб ласцы шчырай і разважлівай камунікацыі

Папа заклікаў маліцца за Касцёл, каб той ніколі не адступіўся ад сваёй місіі – прыводзіць людзей да Езуса, каб яны маглі пачуць Яго слова, быць аздароўленымі і стаць носьбітамі Яго паслання збаўлення.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

30 ліпеня 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Леў XIV правёў агульную аўдыенцыю, падчас якой завяршыў катэхетычны цыкл пра публічнае жыццё Езуса. Пантыфік прысвяціў сваё разважанне евангельскаму аповеду пра аздараўленне глуханямога.

На думку Святога Айца, таксама і наш час патрабуе аздараўлення. “Наш свет прасякнуты атмасферай гвалту і нянавісці, якая прыніжае чалавечую годнасць. Мы жывём у грамадстве, хворым з-за неўмеркаванага карыстання сацыяльнымі сеткамі: мы гіперзлучаныя, нас бамбардуюць выявы – часта фальшывыя або скажоныя. Мы патанаем у моры паведамленняў, якія выклікаюць у нас буру супярэчлівых эмоцый”, - сказаў ён.

Пантыфік адзначыў, што ў такой сітуацыі можа ўзнікнуць жаданне ўсё выключыць і нічога не чуць. А паколькі “нашы словы таксама рызыкуюць быць няправільна зразуметыя”, мы можам “замкнуцца ў маўчанні, у няздольнасці камунікаваць, калі, нават знаходзячыся побач, ужо не можам выказаць адно аднаму найпрасцейшыя і найглыбейшыя рэчы”.

Леў XIV заўважыў, што глуханямы з евангельскага аповеду, магчыма, таксама вырашыў больш не гаварыць, бо адчуваў, што яго не разумеюць, або быў расчараваны і паранены тым, што чуў. Пра гэта сведчыць тое, што ён не сам прыйшоў да Езуса па аздараўленне – яго прывялі іншыя. “Можна падумаць, што тыя, хто прывёў яго да Настаўніка – гэта людзі, якім было балюча бачыць яго ізаляцыю. Аднак хрысціянская супольнасць убачыла ў гэтых асобах таксама вобраз Касцёла, які вядзе кожнага чалавека да Езуса, каб ён пачуў Яго слова”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на жэсты Езуса, які, каб аздаравіць глуханямога, прапанаваў яму сваю блізкасць: адвёў яго ўбок, дакрануўся да яго вушэй і языка і прамовіў: “Эффата”, што значыць “Адкрыйся”.

“Езус нібыта сказаў яму: “Адкрыйся гэтаму свету, які цябе палохае! Адкрыйся для адносін, што расчаравалі цябе! Адкрыйся для жыцця, перад якім ты капітуляваў! Бо замыкацца ў сабе – ніколі не з’яўляецца выйсцем”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў маліцца, просячы Бога аздаравіць і нашую камунікацыю, каб мы ніколі не прычынялі болю іншым нашымі словамі. “Дарагія браты і сёстры, будзем прасіць у Пана аб ласцы ўмення камунікаваць шчыра і разважліва. Будзем маліцца за ўсіх, хто быў паранены словамі іншых. Будзем маліцца за Касцёл, каб той ніколі не адступіўся ад сваёй місіі – прыводзіць людзей да Езуса, каб яны маглі пачуць Яго слова, быць аздароўленымі і стаць носьбітамі Яго паслання збаўлення”, - завяршыў катэхезу Папа.
 

30 ліпеня 2025, 11:10

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >