MAP

Абдымкі дзіцяці і Льва XIV Абдымкі дзіцяці і Льва XIV

Кранальны момант: дзіця абняло Папу падчас аўдыенцыі

Пра кранальную сцэну, сведкам якой ён стаў у ватыканскім Апостальскім палацы, распавёў кустод Апостальскага рэлікварыя, айцец Бруна Сільвестрыні. Падчас адной з прыватных аўдыенцый маленькі хлопчык кінуўся насустрач Льву XIV, і той нахіліўся, каб абняць яго.

Марыя Валодзіна - Vatican News

7 чэрвеня 2025 года Папа сустрэўся з супрацоўнікам капелана карабінераў адной з рымскіх казарм Джавані Джордана і яго сям’ёй. У чаканні Святога Айца маленькі нястомны хлопчык, сын Джордана, бегаў па зале, не звяртаючы ўвагі на прысутных. Аднак пры з'яўленні Святога Айца адбылося нешта нечаканае. У той час як дарослыя паводзілі сябе стрымана, усхваляваныя ўрачыстасцю моманту, дзіця, не вагаючыся, кінулася да Папы, сціскаючы яго ў шчырых і спантанных абдымках. Леў XIV усміхнуўся і з пяшчотай адказаў на гэты нечаканы і глыбокі парыў чыстага дзіцячага сэрца.

Айцец Сільвестрыні нагадаў евангельскія словы Езуса: “Калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 18:3). У такіх выпадках Божы Провід паказвае: менавіта той, у каго душа чыстая і непасрэдная, здольны найбольш шчыра распазнаць дабрыню і бацькоўскую любоў Бога.

14 ліпеня 2025, 14:25