Святы Айцец: у цяжкія хвіліны пойдзем да Езуса
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Вельмі распаўсюджанай у наш час хваробай з’яўляецца стомленасць ад жыцця: рэчаіснасць нам здаецца занадта складанай, цяжкай, амаль непераадольнай. І тады мы згасаем, засынаем у ілюзіі, што пасля абуджэння ўсё зменіцца. Але з рэчаіснасцю трэба сустракацца тварам у твар – і разам з Езусам мы здольныя гэта зрабіць”, - запэўніў Леў XIV, працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны аздараўленням Езуса як знакам надзеі.
Кантакт з Езусам дазваляе спазнаць Яго моц
Пантыфік засяродзіў увагу на дзвюх гісторыях з Евангелля паводле святога Марка: пра дзяўчынку, што ляжала хворая на парозе смерці, і жанчыну, якая цягам дванаццаці гадоў цярпела на крывацёк і шукала сустрэчы з Езусам, каб атрымаць аздараўленне. Гэтыя евангельскія апавяданні, на думку Святога Айца, паказваюць, што, уступаючы ў кантакт з Езусам, мы можам спазнаць моц Яго ласкі, якая аздараўляе ад самых цяжкіх немачаў і нават дазваляе вярнуцца да жыцця.
Працягваць верыць і спадзявацца
Папа заўважыў, што бацька дзяўчынкі і хворая жанчына спрабавалі рознымі спосабамі вырашыць свае цяжкасці, паклаўшы надзею на Хрыста. Першы – “не застаўся дома, не скардзіўся на лёс, але выходзіў і шукаў дапамогі”, а “калі яму сказалі, што дачка памерла і ўжо няма сэнсу турбаваць Настаўніка, ён усё адно працягваў верыць і спадзявацца”. Хворая жанчына, у сваю чаргу, “з вялікай адвагай прыняла рашэнне зменіць сваё жыццё”, нягледзячы на тое, што “усе казалі ёй трымацца на адлегласці і не паказвацца на вочы, асудзілі яе на схаванасць і ізаляцыю”.
“І мы часам становімся ахвярамі чужых меркаванняў, калі іншыя спрабуюць навязаць нам вобраз, што не з’яўляецца нашым. У такім стане нам дрэнна, і мы не можам выбрацца з гэтага замкнёнага кола”, - дадаў Святы Айцец.
Мужны ўчынак веры
Па словах Папы, шлях да збаўлення для хворай жанчыны пачаўся тады, калі ў ёй прарасла вера ў тое, што Езус можа яе аздаравіць: тады яна знайшла ў сабе сілы выйсці і шукаць Яго – прагнула хаця б дакрануцца да Яго вопраткі.
“Кожны раз, калі мы здзяйсняем акт веры ў Езуса, усталёўваецца кантакт з Ім, і адразу з Яго сыходзіць Ягоная ласка. Мы часта гэтага не заўважаем, але ласка, хоць і патаемна, сапраўды дасягае нас і паступова перамяняе жыццё знутры”, - падкрэсліў Пантыфік.
“Магчыма, і сёння шмат людзей набліжаюцца да Езуса павярхоўна, не веручы ў Яго моц. Мы топчам падлогу касцёлаў, але сэрца можа быць далёкім ад Бога. Гэтая ж жанчына, ціхая і безыменная, перамагла свой страх, дакранулася да сэрца Езуса сваімі рукамі, якія лічыліся нячыстымі з прычыны яе хваробы, і адразу адчула сябе аздароўленай. Езус сказаў ёй: “Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі”, - нагадаў Святы Айцец.
Баяцца смерці душы, а не цела
Пантыфік заўважыў, што калі кіраўніку сінагогі паведамілі пра смерць яго дачкі, Езус заклікаў яго не баяцца, а толькі верыць, а потым падкрэсліў, што яна не памерла, а спіць. Затым Хрыстус узяў яе за руку і сказаў: “Таліта кум”, што значыць: “Дзяўчынка, табе кажу, устань!”. І яна адразу ўстала і пачала хадзіць.
“Гэты ўчынак Езуса сведчыць, што Ён не толькі лечыць хваробы, але і абуджае з самой смерці. Для Бога, які ёсць Жыццё вечнае, смерць цела – толькі сон. Сапраўдная смерць – гэта смерць душы: і менавіта яе нам варта баяцца!”, - падкрэсліў Папа.
Сілкавацца Евангеллем, каб даць духоўны пасілак моладзі
Уваскрасіўшы дзяўчынку, Езус сказаў бацькам, каб далі ёй есці. “Вось яшчэ адзін вельмі канкрэтны знак Яго блізкасці да нашай чалавечнасці. Але гэта можна разумець і глыбей: калі нашы дзеці перажываюць крызіс і маюць патрэбу ў духоўным пасілку, ці здольныя мы яго даць? А як гэта зрабіць, калі мы самі не сілкуемся Евангеллем?”, - прапанаваў задумацца Леў XIV.
“У жыцці бываюць моманты расчаравання і знясілення, а таксама досвед смерці. Давайце вучыцца ў гэтых жанчыны і бацькі: пойдзем да Езуса! Ён можа нас аздаравіць. Ён можа даць нам новае жыццё. Ён – наша надзея!”, - завяршыў сваю катэхезу Святы Айцец.