MAP

Святы Айцец: будаваць масты там, дзе сёння стаяць муры

“Мудрасць праяўляецца не там, дзе раздзяляюць, а там, дзе яднаюць”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы адрозніваць рэальнасць ад ідэалогій і станавіцца будаўнікамі адзінства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

14 чэрвеня 2025 года Леў XIV узначаліў спецыяльную юбілейную аўдыенцыю. З нагоды Святога года такія сустрэчы праводзіў яшчэ Францішак, разглядаючы падчас іх розныя аспекты цноты надзеі праз прызму сведчання вялікіх духоўных постацей. З-за спякотнага надвор’я ў Рыме аўдыенцыя прайшла не на Плошчы Святога Пятра, а ў базіліцы.

Народы працягваюць узбагачаць адзін аднаго

Пантыфік прысвяціў катэхезу аднаму з найвялікшых хрысціянскіх тэолагаў – Ірэнэю Ліёнскаму, які нарадзіўся ў ІІ стагоддзі ў Малой Азіі і выхоўваўся сярод тых, хто асабіста ведаў апосталаў.

“Потым ён прыехаў у Еўропу, у Ліён, дзе ўжо існавала хрысціянская супольнасць з яго роднай зямлі. Як цудоўна ўзгадваць пра гэта тут, у Рыме, у Еўропе! Евангелле было прынесена на гэты кантынент звонку. І сёння супольнасці мігрантаў з’яўляюцца прысутнасцю, якая аднаўляе веру ў краінах, што іх прымаюць. Евангелле прыходзіць звонку. Ірэнэй злучае Усход і Захад. Гэта ўжо само па сабе з’яўляецца знакам надзеі, бо нагадвае нам, што народы працягваюць узбагачаць адно аднаго”, - сказаў Папа.

Адрозніваць рэальнасць ад ідэалогій

Пантыфік таксама нагадаў, што святога Ірэнэя не знеахвоцілі дактрынальныя падзелы, з якімі ён сутыкнуўся ўнутры хрысціянскай супольнасці, унутраныя канфлікты і знешнія пераследы.

“Наадварот, у свеце, які раскалваўся, ён навучыўся думаць глыбей, скіроўваючы ўсё большую ўвагу на Езуса”, апяваў Яго ўцелаўленне і распазнаў, што ў Хрысце “тое, што нам здаецца супрацьлеглым, злучаецца ў адзінстве”. “Езус – не мур, які раздзяляе, а брама, якая нас яднае. Трэба заставацца ў Ім і адрозніваць рэальнасць ад ідэалогій”, - сцвердзіў Леў XIV.

“Дарагія браты і сёстры, таксама і сёння ідэі могуць зводзіць з розуму, а словы – забіваць. Цела ж – гэта тое, з чаго мы ўсе створаныя; гэта тое, што звязвае нас з зямлёй і іншымі стварэннямі. У кожным брату і сястры, у кожным стварэнні трэба прымаць і сузіраць цела Езуса. Давайце прыслухаемся да крыку цела, адчуем, як боль іншых кліча нас па імені. Запаведзь, якую мы атрымалі ад самага пачатку – гэта запаведзь узаемнай любові. Яна запісана ў нашым целе раней за ўсе законы”, - нагадаў Папа.

Адрозніваць – так, раздзяляць – не

Паводле Льва XIV, “Ірэнэй, настаўнік адзінства, вучыць нас не супрацьпастаўляць, але яднаць”. “Мудрасць праяўляецца не там, дзе раздзяляюць, а там, дзе яднаюць. Адрозніваць – карысна, але раздзяляць – ніколі. Езус – гэта вечнае жыццё сярод нас: Ён яднае супрацьлегласці і робіць магчымай еднасць”, - сказаў Пантыфік.

“Мы – пілігрымы надзеі, бо паміж асобамі, народамі і стварэннямі патрэбны той, хто зробіць першы крок да яднання. Іншыя пойдуць за намі. Як Ірэнэй у Ліёне ў ІІ стагоддзі, так і ў кожным нашым горадзе распачнём будаваць масты там, дзе сёння стаяць муры. Адчынім дзверы, злучым светы – і надзея стане рэальнасцю”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

14 чэрвеня 2025, 10:57

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >