У Ватыкане прайшла ўрачыстая інаўгурацыя пантыфікату Льва XIV
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Перад Імшой Пантыфік праехаў на папамабілі па Плошчы Святога Пятра і прылеглай да яе Вія-дэла-Канцыліяцыёнэ, каб прывітаць усіх пілігрымаў, у тым ліку тых, хто падчас літургіі знаходзіўся ўдалечыні ад алтара. Людзі віталі Папу радаснымі воклічамі і апладысментамі.
Над натоўпам луналі сцягі розных краін, у тым ліку ЗША – месца нараджэння Святога Айца, і Перу – яго “другой Радзімы”, дзе ён шмат гадоў служыў місіянерам, выкладчыкам і пастырам.
Пасля прывітання Леў XIV накіраваўся ў Базіліку Святога Пятра, дзе разам з Патрыярхамі Усходніх Цэркваў ушанаваў магілу апостала Пятра, якая знаходзіцца пад галоўным папскім алтаром і велічным бронзавым балдахінам, створаным у XVII стагоддзі пад кіраўніцтвам Джан Ларэнца Берніні.
Затым Папа, Патрыярхі і іншыя іерархі накіраваліся ў працэсіі да алтара, усталяванага перад ватыканскай базілікай. Разам з імі ішлі дыяканы, якія неслі Евангелле, а таксама пастырскі палій і Пярсцёнак Рыбака – сімвалы папскага служэння.
Падчас цэлебрацыі палій Льву XIV уручыў італьянскі кардынал Марыё Дзэнары. Затым кангалезскі кардынал Фрыдалін Амбонга Бесунгу прамовіў малітву за Святога Айца, а філіпінскі кардынал Луіс Антоніа Тагле – уручыў Пярсцёнак Рыбака.
Літургія прадугледжвала таксама цырымонію складання абяцання паслухмянасці новаму Пантыфіку. Ад імя кардыналаў гэты жэст здзейснілі кардыналы Франк Лео з Канады, Хаймэ Шпэнглер з Бразіліі і Джон Рыбат з Папуа-Новай Гвінеі. У абрадзе прыняў удзел таксама перуанскі біскуп Луіс Альберта Барэра, святар, дыякан, прадстаўнікі манаскіх супольнасцей, сярод якіх генеральны настаяцель езуітаў, ксёндз Артура Соса, а таксама сужэнская пара і прадстаўнікі моладзі.