MAP

Папа: Бог сее Сваё слова, не чакаючы, калі станем ідэальнай глебай

Папросім Бога аб ласцы заўсёды прымаць зерне Яго слова, - заклікаў Папа Леў XIV падчас сваёй першай агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 21 мая 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец працягнуў цыкл катэхез на тэму “Езус Хрыстус – наша надзея”, распачаты Папам Францішкам, які адышоў у вечнасць роўна месяц таму. Ён заўважыў, што гаворка пойдзе пра евангельскія прыпавесці, якія дапамагаюць нам нанова знайсці надзею, бо паказваюць, як Бог дзейнічае ў гісторыі.

Прыпавесць – апавяданне, якое прымушае задумацца

“Сёння я хацеў бы спыніцца на адной асаблівай прыпавесці, бо яна з’яўляецца свайго роду ўводзінамі да ўсіх іншых прыпавесцяў. Я маю на ўвазе прыпавесць пра сейбіта. У пэўным сэнсе, у гэтым апавяданні мы можам распазнаць спосаб камунікацыі Езуса, які шмат чаму можа нас навучыць у справе абвяшчэння Евангелля сёння”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што “кожная прыпавесць расказвае гісторыю, узятую з штодзённага жыцця, але імкнецца сказаць нам нешта большае, адсылаючы нас да больш глыбокага сэнсу”.

“Прыпавесць выклікае ў нас пытанні, запрашае не спыняцца на тым, што здаецца. Перад абліччам гісторыі, якая расказваецца, ці вобразу, які перадаецца, можна спытацца: дзе знаходжуся я ў гэтай гісторыі? Што кажа гэты вобраз майму жыццю? Слова “прыпавесць” насамрэч паходзіць ад грэчаскага слова “paraballein”, якое азначае “супастаўляць”. Прыпавесць ставіць мяне перад словам, якое мяне правакуе і заклікае задумацца”, - патлумачыў ён.

Кожнае слова Евангелля – нібы зерне, што кідаецца ў глебу нашага жыцця

Паводле слоў Льва XIV, “прыпавесць пра сейбіта кажа менавіта пра дынаміку Божага слова і плён, які яно прыносіць”. “Сапраўды, кожнае слова Евангелля – нібы зерне, што кідаецца ў глебу нашага жыцця. Езус часта выкарыстоўвае вобраз зерня, надаючы яму розныя значэнні. У трынаццатым раздзеле Евангелля паводле святога Мацвея прыпавесць пра сейбіта ўводзіць нас у шэраг невялікіх прыпавесцяў, некаторыя з якіх кажуць менавіта пра тое, што адбываецца ў глебе: пра пшаніцу і каласоўнік, пра гарчычнае зерне, пра скарб, схаваны ў полі. Чым жа з’яўляецца гэта глеба? – Гэта нашае сэрца, але таксама і свет, і грамадства, і Касцёл. Насамрэч, Божае слова плоднае і закранае кожную рэальнасць”, - сказаў ён.

Пантыфік нагадаў, што напачатку прыпавесці гаворыцца, як Езус выйшаў з дому і вакол Яго сабраўся вялікі натоўп. “Яго слова захапляе і выклікае цікавасць. Сярод людзей, натуральна, было шмат розных сітуацый. Слова Езуса скіравана да ўсіх, але дзейнічае ў кожным па-свойму. Гэты кантэкст дапамагае лепш зразумець сэнс прыпавесці”, - падкрэсліў Папа.

Бог сее зерне свайго слова, не чакаючы калі мы станем ідэальнай глебай

Святы Айцец заўважыў, што сейбіт, які выйшаў сеяць, не турбаваўся пра тое, куды ўпадзе зерне і кідаў яго нават там, дзе малаверагодна, што яно прынясе плён: на дарозе, сярод камянёў, сярод церняў. “Такое стаўленне здзіўляе слухачоў і выклікае пытанне: чаму так?”, - сказаў ён.

“Мы прызвычаіліся ўсё разлічваць – і часам гэта неабходна – але ў любові гэта не працуе! Тое, як гэты “шчодры” сейбіт раскідвае зерне, з’яўляецца вобразам таго, як Бог любіць нас. Сапраўды, лёс зерня залежыць і ад таго, як яго прыме глеба, і ў якім стане яна знаходзіцца. Але найперш у гэтай прыпавесці Езус кажа нам, што Бог кідае зерне свайго слова на ўсе віды глебы – іншымі словамі, у любую нашу жыццёвую сітуацыю: часам мы павярхоўныя і няўважлівыя, часам перапоўненыя энтузіязмам, часам прыгнечаныя жыццёвымі клопатамі – але ёсць таксама і моманты, калі мы адкрытыя і гатовыя прыняць. Бог спадзяецца і верыць, што рана ці позна зерне прарасце. Ён любіць нас такімі: не чакае, пакуль мы станем ідэальнай глебай, але заўсёды шчодра дорыць нам сваё слова. І, можа, менавіта бачачы, што Ён давярае нам, у нас з’явіцца жаданне быць лепшай глебай. Вось яна – надзея, заснаваная на скале Божай шчодрасці і міласэрнасці”, - сказаў Папа.

Леў XIV заўважыў, што, расказваючы пра тое, як зерне прыносіць плён, Езус гаворыць таксама і пра сваё жыццё. “Езус ёсць Словам, Ён – Зерне. А каб зерне прынесла плён, яно павінна памерці. Таму гэта прыпавесць кажа нам, што Бог гатовы “загінуць” дзеля нас, а Езус гатовы памерці, каб перамяніць наша жыццё”, - дадаў ён.

Бог вядзе гісторыю, нават калі нам здаецца, што Яго няма або што Ён далёкі

“Я ўзгадваю цудоўную карціну Ван Гога: “Сейбіт”. Гэта выява сейбіта пад пякучым сонцам гаворыць таксама і пра працу селяніна. Мяне ўражвае, што за спінай сейбіта Ван Гог намаляваў ужо саспелую пшаніцу. Гэта для мяне вобраз надзеі: так ці інакш, але зерне прынесла плён. Мы не ведаем дакладна, як гэта адбылося, але гэта факт. У цэнтры карціны, аднак, не сам сейбіт, які стаіць збоку, а сонца, што дамінуе над усім малюнкам – магчыма, каб нагадаць нам, што менавіта Бог вядзе гісторыю, нават калі нам здаецца, што Яго няма або што Ён далёкі. Менавіта сонца сагравае зямлю і дапамагае зерню саспець”, - заўважыў Пантыфік.

“Дарагія браты і сёстры, у якой жыццёвай сітуацыі сёння дасягае нас Божае слова? Папросім Пана аб ласцы заўсёды прымаць гэтае зерне – Яго слова. І калі мы ўсвядомім, што не з’яўляемся ўрадлівай глебай, давайце не адчайвацца, а папросім Яго яшчэ працаваць над намі, каб мы сталі лепшай глебай”, - заклікаў напрыканцы катэхезы Святы Айцец.
 

21 мая 2025, 10:30

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >