Папа: натхняць моладзь на радасныя і плённыя шляхі да святасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
15 мая 2025 года Папа Леў XIV правёў сваю першую аўдыенцыю для манаскай супольнасці – ёй стала кангрэгацыя Братоў Хрысціянскіх Школ. Нагодай для сустрэчы сталі дзве юбілейныя даты: 300-годдзе зацвярджэння рэгулы гэтай кангрэгацыі Папам Бэнэдыктам XIII і 75-годдзе абвяшчэння яе заснавальніка, святога Жана Батыста дэ Ла Саля, нябесным апекуном усіх выхавацеляў, якое здзейсніў Пій ХІІ.
Леў XIV у сваім звароце адзначыў важнасць двух аспектаў, якія вызначылі гісторыю “школьных братоў”: увагу да актуальнасці і вымярэнне служэння і місіянерства ў іх адукацыйнай дзейнасці.
Папа нагадаў, што святы Жан Батыст дэ Ла Саль распачаў сваю дзейнасць, адказваючы на просьбу аднаго свецкага верніка – Адрыяна Ныеля, які з цяжкасцю ўтрымліваў свае “школы для бедных”. Заснавальнік распазнаў у гэтай просьбе Божы знак, прыняў выклік і прыступіў да працы. Так, нягледзячы на ўласныя намеры і чаканні, ён даў жыццё новай сістэме навучання – хрысціянскім школам, бясплатным і адкрытым для ўсіх.
“Сярод інавацыйных элементаў, уведзеных ім у гэтай педагагічнай рэвалюцыі – навучанне цэлых класаў, а не асобных вучняў; выкарыстанне французскай мовы, зразумелай усім, замест лацінскай як мовы навучання; нядзельныя заняткі, у якіх маглі ўдзельнічаць нават маладыя людзі, вымушаныя працаваць у буднія дні; уключэнне сем’яў у школьны працэс паводле прынцыпу “адукацыйнага трохкутніка”, актуальнага і сёння. Такім чынам, праблемы, што паўставалі, не знеахвоцілі яго, а, наадварот, падштурхнулі да пошуку крэатыўных адказаў і мужнага ўваходу на новыя, часта яшчэ неспазнаныя шляхі”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік адзначыў, што гэта гісторыя ставіць перад намі карысныя пытанні: “Якія праблемы сучаснай моладзі з’яўляюцца найбольш актуальнымі? Якія каштоўнасці неабходна прасоўваць? На якія рэсурсы можна спадзявацца?”
Леў XIV падкрэсліў, што “моладзь нашага часу, як і моладзь любога веку – гэта вулкан жыцця, энергіі, пачуццяў і ідэй”, але яна патрабуе дапамогі, каб расці гарманічна і пераадольваць тое, што можа перашкаджаць яе здароваму развіццю.
“Калі, напрыклад, у XVII стагоддзі лацінская мова была для многіх непераадольным бар’ерам у камунікацыі, то сёння даводзіцца сутыкацца з іншымі перашкодамі. Толькі падумайце пра ізаляцыю, выкліканую распаўсюджанымі мадэлямі адносін, пазначанымі павярхоўнасцю, індывідуалізмам і эмацыйнай нестабільнасцю; пра пашырэнне схем мыслення, аслабленых рэлятывізмам; пра рытмы і стылі жыцця, у якіх не застаецца месца для слухання, рэфлексіі і дыялогу – ні ў школе, ні ў сям’і, ні сярод аднагодкаў – што ўрэшце вядзе да самотнасці”, - заўважыў Святы Айцец.
Папа адзначыў, што гаворка ідзе пра складаную, але натхняльную задачу: “пошук новых шляхоў, распрацоўку інструментаў і засваенне новых моваў, з дапамогай якіх можна працягваць кранаць сэрцы вучняў, дапамагаць ім і заахвочваць іх смела адказваць на кожную перашкоду, каб даць у жыцці самае лепшае з сябе, згодна з Божым планам”. “У гэтым сэнсе заслугоўвае пахвалы ваша ўвага да падрыхтоўкі настаўнікаў і стварэння педагагічных гурткоў, дзе намаганні педагогаў узбагачаюцца дзякуючы супольнай працы. Заклікаю вас працягваць гэты шлях”, - дадаў Пантыфік.
Леў XIV адзначыў таксама важнасць разумення выхаваўчай дзейнасці як формы служэння і місіі – асаблівага прысвячэння ў Касцёле. “Святы Жан Батыст дэ Ла Саль не хацеў, каб сярод настаўнікаў хрысціянскіх школ былі святары, а толькі “браты”, каб усё іх служэнне было скіравана, з Божай дапамогай, на выхаванне вучняў. Ён любіў паўтараць: “Ваш алтар – гэта настаўніцкая катэдра”, - такім чынам у Касцёле яго часу з’явілася дагэтуль невядомая рэальнасць: свецкія настаўнікі і катэхеты, што выконваюць у супольнасці сапраўдную “паслугу” паводле прынцыпу – “евангелізаваць, выхоўваючы” і “выхоўваць, евангелізуючы”, - сказаў Святы Айцец, выказваючы надзею на тое, што колькасць пакліканняў да такога служэння будзе расці і, у супрацоўніцтве з іншымі адукацыйнымі ініцыятывамі, будзе спрыяць натхненню моладзі на радасныя і плённыя шляхі да святасці.