MAP

Парыжскі саміт па штучным інтэлекце Парыжскі саміт па штучным інтэлекце  (AFP or licensors)

Пантыфік: штучны інтэлект павінен служыць дабру і развіццю чалавека

Францішак скіраваў пасланне на імя прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона з нагоды Саміту па штучным інтэлекце, які адбываецца ў Парыжы 10-11 лютага 2025 года. Ён падкрэсліў неабходнасць захавання чалавечага кантролю над штучным інтэлектам, які павінен служыць агульнаму дабру і развіццю чалавека.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа спаслаўся на сустрэчу G7 у Апуліі (14 чэрвеня 2024 года), падчас якой ён папярэдзіў пра важнасць захавання чалавечага кантролю над штучным інтэлектам (ШІ), каб пазбегнуць пагрозы годнасці чалавека. Ён станоўча ацаніў палітычныя намаганні, накіраваныя на абарону чалавецтва ад выкарыстання штучнага інтэлекту, які мог бы "абмежаваць наша светаўспрыманне рэчаіснасцю, выражанай у лічбах і загадзя вызначаных катэгорыях”, тым самым навязваючы аднастайныя антрапалагічныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя мадэлі.

Пантыфік нагадаў, што ў сваёй апошняй энцыкліцы Dilexit Nos ён правёў адрозненне паміж працай алгарытмаў і моцай сэрца (канцэпцыяй філосафа Блеза Паскаля), падкрэсліваючы, што хоць алгарытмы можна выкарыстоўваць для маніпуляцый і падману, сэрца, як месца, дзе жывуць нашы самыя глыбокія і сапраўдныя пачуцці, ніколі не можа падмануць.

Папа заклікаў выкарыстоўваць ШІ дзеля агульнага дабра, у прыватнасці, для вырашэння экалагічных праблем, але звярнуў увагу на тое, што інфраструктура ШІ спажывае шмат электраэнергіі.

У дэбатах пра рэгуляванне ШІ неабходна ўлічваць галасы ўсіх зацікаўленых бакоў, асабліва бедных і бяспраўных, чые галасы часта застаюцца непачутымі ў працэсах прыняцця рашэнняў, - сцвердзіў Папа, спадзеючыся, што Парыжскі саміт дапаможа стварыць платформу, на якой ШІ стане для кожнай нацыі інструментам развіцця, барацьбы з беднасцю і абароны мясцовых культур і моў, адлюстроўваючы сапраўдную разнастайнасць чалавечай сям'і.

Францішак нагадаў пра дакумент, апублікаваны Святым Пасадам 28 студзеня 2025 года, які разглядае пытанні суадносін паміж штучным і чалавечым інтэлектамі. Ён выказаў спадзяванне на больш дэталёвае вывучэнне сацыяльных наступстваў выкарыстання штучнага інтэлекту ў сферы чалавечых адносін, камунікацыі і адукацыі.

На думку Папы, галоўным пытаннем заўсёды будзе заставацца чалавек. Пытанне ў тым, ці становіцца чалавек дзякуючы гэтым тэхналагічным дасягненням лепшым, больш духоўна сталым, больш адказным і больш адкрытым для іншых, асабліва да тых, хто мае найбольшую патрэбу ў дапамозе.

11 лютага 2025, 12:12