Беатыфікацыя ў Эстоніі: арцыбіскуп Профітліх – благаслаўлёны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Урачыстую літургію на талінскай Плошчы Свабоды ўзначаліў папскі легат, кардынал Крыстаф Шонбарн, арцыбіскуп Вены. Напярэдадні беатыфікацыі ў сталічным дамініканскім касцёле былі зачытаны імёны каля 23 тысяч жыхароў Эстоніі, якія загінулі ў савецкіх турмах і лагерах.
Пасланнік Льва XIV нагадаў, што арцыбіскуп Профітліх не хацеў пакінуць сваю паству, цалкам усведамляючы, што гэта амаль непазбежна прывядзе яго да смерці.
“Ён мог бы прывесці разумныя аргументы, каб пазбегнуць гэтага, напрыклад, што, выжыўшы, змог бы яшчэ дапамагаць. Інструкцыі, якія ён прасіў у Папы Пія XII, не былі ў форме загаду, а ў форме парады: ён павінен быў прыняць рашэнне, перш за ўсё “ўлічваючы дабро душ, давераных яму”. Прыняўшы рашэнне, ён напісаў сваёй сям’і: “Справядліва, каб пастыр заставаўся са сваім статкам і дзяліў з ім радасці і цярпенні”. Яго шчырасць вельмі кранальная: “Мушу сказаць, што рашэнне патрабавала некалькіх тыдняў падрыхтоўкі, але пасля я прыняў яго не са страхам і бояззю, а наадварот – з вялікай радасцю”, - працытаваў словы новага благаслаўлёнага кардынал Шонбарн.
Папскі легат нагадаў пра драматычныя часы мучаніцтва пастыра католікаў у Эстоніі, пазначаныя “неверагодным раззняволеннем пякельных сіл”, вайной і пагардай да чалавечнасці, праявай якой сталі нацыскія канцлагеры і савецкі ГУЛАГ. У гэтым кантэксце арцыбіскуп Профітліх з годнасцю і спакоем аддаў сябе ў рукі супрацоўнікаў НКВД, - нагадаў іерарх, падкрэсліўшы, што крыніцай такой мужнасці была яго вера.
Кардынал Шонбарн звярнуў увагу на актуальную сітуацыю ва Усходняй Еўропе, дзе “старыя раны пагражаюць адкрыцца яшчэ раз” і “вайна зноў стала часткай горкай штодзённасці”. Ён згадаў таксама пра працяг ганенняў на хрысціян у розных частках свету, падкрэсліўшы, што ў гэтым кантэксце важнае значэнне набывае пастава арцыбіскупа Профітліха.
“Яна паказвае шлях хрысціяніна ў часы пераследу. Два выказванні Эдуарда Профітліха асабліва кранулі мяне. Яны напоўненыя суцяшэннем і радасцю, якія могуць прыйсці толькі ад Бога. Пасля таго, як ён вырашыў не вяртацца ў Германію, ён напісаў: “Я раблю гэта з вялікай гатоўнасцю, нават магу сказаць — з вялікай радасцю. Нават калі я ніякім чынам не магу прадбачыць, якім будзе далей мой шлях, якія ахвяры яшчэ чакаюць мяне, я іду гэтым шляхам з вялікім даверам да Бога, цвёрда перакананы, што калі Бог будзе ісці са мной, я ніколі не буду адзін. І я маю пэўную надзею, што ахвяра, якую я прыношу тут, у гэтай краіне, для спраў Божага Валадарства, тым ці іншым чынам не застанецца без плёну”, - нагадаў пасланнік Папы.
“Першыя хрысціяне казалі: sanguis martyrum – semen christianorum! Кроў мучанікаў – гэта насенне новых хрысціянаў. Гэтая надзея, якая напаўняла айца Профітліха, павінна напаўняць і ўсіх нас у час, калі мы бачым так шмат новых мучанікаў”, - дадаў кардынал Шонбарн, заклікаўшы вернікаў прасіць праз заступніцтва благаслаўлёнага Эдуарха Профітліха аб Хрыстовай радасці, якую ён меў і сведчыў па прыкладзе першых хрысціян.