1700 гадоў таму завяршыўся Нікейскі Сабор
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
1700 гадоў таму завяршыўся Нікейскі Сабор, дзе больш за 200 біскупаў і тэолагаў на працягу двух месяцаў вырашалі ключавыя пытанні хрысціянскай веры пад кіраўніцтвам імператара Канстанціна.
Галоўным дасягненнем Сабора стала фармуляванне Credo – Сімвала веры, які зараз носіць назву “нікейскага”: “Верым у адзінага Пана Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, з Айца народжанага перад усімі вякамі; Бога ад Бога, Святло ад Святла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, народжанага, не створанага, адзінасутнага Айцу, праз якога ўсё сталася”. Гэта быў адказ на вучэнне Арыя, які сцвярджаў, што Хрыстус падпарадкаваны Айцу.
Ключавы тэрмін "homoousios" (адзінасутны) стаў асноўным для выказвання аднолькавай годнасці Айца і Сына. Гэты тэрмін быў спрэчным, бо не сустракаўся ў Бібліі, але Канстанцін настойваў на яго прыняцці дзеля адзінства.
Сабор таксама вызначыў, што Вялікдзень павінен святкавацца разам усімі хрысціянамі ў першую нядзелю пасля першай вясновай поўні і пасля заканчэння яўрэйскага свята Песах.
Хоць Сабор адбыўся ў 325 годзе, яго рашэнні канчаткова ўсталяваліся толькі ў 381 годзе пасля Сабора ў Канстанцінопалі, калі быў прыняты Сімвал веры, які выкарыстоўваецца ў хрысціянскіх Цэрквах да сённяшняга дня.
Юбілей Нікейскага Сабора адзначаецца сёлета рознымі хрысціянскімі канфесіямі, а ў лістападзе чакаецца, што Папа Леў XIV наведае Патрыярха Барталамея I у Стамбуле і яны разам накіруюцца ў Нікею (турэцкі Ізнік) для ўшанавання гэтай падзеі.