MAP

Ксёндз Томаш Галік Ксёндз Томаш Галік  

Чэшскі тэолаг пра экскультурацыю хрысціянства і новага Папу

Адзін з вядучых сучасных каталіцкіх тэолагаў ксёндз Томаш Галік у інтэрв'ю для KAI раскрытыкаваў камунікацыю Касцёла, назваў выбар Папы Льва "дасканалым" і выказаўся пра крызіс сучаснай палітыкі ў Еўропе і ЗША.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня Чэшскай акадэміі хрысціянскай філасофіі ў шырокім інтэрв'ю для польскага каталіцкага інфармацыйнага агенцтва KAI 30 мая 2025 года прааналізаваў сучасны стан Касцёла ў Еўропе і вызначыў ключавыя праблемы, якія перашкаджаюць евангелізацыі. Ён таксама выказаўся пра новага Папу Льва XIV і сваё рашэнне набыць кляштар для стварэння духоўнага цэнтра.

“Кожная сістэма, якая замыкаецца ў сабе і не здольная гнутка камунікаваць з іншымі сістэмамі ў грамадстве, выраджаецца”

"Галоўным недахопам Касцёла з'яўляецца яго недастатковая, паверхневая камунікацыя з навакольным светам", - адзначыў ксёндз Галік у размове з KAI. Па яго словах, недастатковая камунікацыя ўключае як "традыцыяналізм" (настальгію па незваротнай мінуласці), так і, наадварот, намаганні "мадэрнізацыі" – паверхневае прыстасаванне да навакольнага свету і яго ідэалогій.

Чэшскі тэолаг растлумачыў, што ў Еўропе працэс дэхрысціянізацыі адбываецца паволі і паступова з часоў Асветніцтва, але цяпер ён паскараецца. "Колькасць тых, хто ў поўнай меры ідэнтыфікуе сябе з вучэннем і практыкамі 'арганізаванай рэлігіі', вялікіх традыцыйных Касцёлаў, пастаянна падае", - канстатаваў ён.

“Сёння Касцёл павінен быць школай кантэмпляцыйнага падыходу да рэчаіснасці”

Ксёндз Галік падкрэсліў, што сёння Касцёл павінен быць школай кантэмпляцыйнага падыходу да рэчаіснасці. "У адносінах да свету, часткай якога мы з'яўляемся, мы павінны спалучаць эмпатыю і салідарнасць са здольнасцю захавання крытычнай дыстанцыі", - тлумачыў ён журналісту KAI.

Вядомы тэолаг выказаў занепакоенасць палітычным злоўжываннем рэлігіяй і спробамі ператварэння хрысціянства ў "ідэалогію тоеснасці". Ён раскрытыкаваў "каталіцкі фашызм" і новыя формы хрысціянскага фашызму, асабліва ў Рускай Праваслаўнай Царкве, якая падтрымлівае дыктатуру Пуціна.

“Папа Леў будзе працягваць справу Папы Францішка, але не стане яго копіяй”

Гаворачы пра новага Папу Льва XIV, ксёндз Галік назваў яго выбар "дасканалым". "Папа Леў будзе працягваць справу Папы Францішка, але не стане яго копіяй. Будзе працягваць яго дарогу ў сваім уласным стылі і ва ўласным тэмпе", - адзначыў ён у размове з KAI.

Чэшскі тэолаг спадзяецца таксама на беатыфікацыю Папы Льва XIII, піянера дыялогу Касцёла з прамысловай рэвалюцыяй і сучаснасцю. Ён верыць, што новы Пантыфік прадставіць абноўленую версію энцыклікі "Rerum Novarum".

“Калі наш супраціўнік успрымаецца як вялікі сатана, а наш лідар як месія, то няма шансаў на рацыянальнае рашэнне”

Крытыкуючы сучасны палітычны клас, каталіцкі тэолаг падкрэсліў, што не бачыць сярод палітыкаў нашых часоў нікога, блізкага да фармату Вацлава Гавела. Ён выказаў заклапочанасць тым, што краіна з настолькі доўгай дэмакратычнай традыцыяй, як ЗША, выбірае сёння на свайго лідара такую спрэчную з маральнага пункту гледжання фігуру, як Дональд Трамп.

У інтэрв'ю для KAI ксёндз Галік таксама расказаў пра сваё рашэнне набыць ад Ордэна капуцынаў кляштар у Каліне ў цэнтральнай Чэхіі і арганізаваць там цэнтр духоўнасці і рэкалекцый. "Калі многія парафіі занепадаюць, полымя жывога хрысціянства можа распаліцца менавіта адтуль", - растлумачыў ён сваю ініцыятыву.
 

30 мая 2025, 10:42