MAP

Падчас першай Сінадальнай асамблеі Касцёла ў Італіі Падчас першай Сінадальнай асамблеі Касцёла ў Італіі 

Сінод Касцёла ў Італіі: менш структур і больш Евангелля

Да другой Сінадальнай асамблеі Касцёла ў Італіі, якая пачынаецца 31 сакавіка 2025 і працягнецца чатыры дні, арцыбіскуп Эрыа Кастэлучы прадстаўляе канцэпцыю Касцёла, здольнага чытаць знакі часу і не быць зняволеным настальгіяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Асамблея павінна стаць вырашальным этапам прароцкай фазы Сінадальнага шляху Касцёла ў Італіі. Старшыня Нацыянальнага камітэта Сінадальнага шляху, у інтэрв'ю агенцтву “SIR” падзяліўся сваімі думкамі пра значэнне гэтага этапу і пра тое, які ўклад сінадальны працэс можа ўнесці ў жыццё Касцёла і краіны.

"Гэта вельмі важны момант, бо ён накіраваны на зацвярджэнне некаторых аператыўных напрамкаў, якія будуць прадстаўлены на Асамблеі італьянскага епіскапату ў маі," - адзначыў арцыбіскуп Кастэлучы. Ён выказаў спадзяванне на канструктыўны ўдзел, як гэта ўжо адбылося на першай Асамблеі, і шчырую ўдзячнасць Папу Францішку, які ініцыяваў гэты працэс.

Прапановы павінны быць кароткімі, яснымі і канкрэтнымі

Прапановы, якія будуць распрацаваны падчас Асамблеі, з'яўляюцца вынікам доўгага Сінадальнага шляху. Паводле слоў арцыбіскупа Кастэлучы, іх рэдакцыя будзе кіравацца двума асноўнымі крытэрыямі. Першы – сабраць і сканцэнтраваць тое, што з'явілася за тры гады Сінадальнага шляху: вопыт, пытанні, жаданні, сабраныя падчас апавядальнай фазы і паглыбленыя падчас мудраснай фазы. Цяпер задача – перавесці іх у аператыўныя прапановы.

Змест прапаноў грунтуецца на трох галоўных напрамках: місіянерскі гарызонт, з неадкладнай патрэбай звярнуцца да важных тэм сучаснасці; фармацыя, пачынаючы са Слова і хрысціянскай ініцыяцыі; сумесная адказнасць, як у кіраванні супольнасцямі, так і ў кіраванні структурамі.

Новыя паслугі для адказу на патрэбы тых, хто знаходзіцца на перыферыі

Адной з цэнтральных тэм з'яўляецца супольная адказнасць, з асаблівай увагай да служэння свецкіх вернікаў і ў прыватнасці жанчын. Арцыбіскуп адзначыў, што ёсць выразны штуршок у гэтым напрамку. Перш за ўсё, ідзе праца над лепшым вызначэннем устаноўленых паслуг – лектара, акаліта, катэхета, а таксама над магчымасцю новых касцельных паслуг, ужо згаданых на агульным Сінодзе: слухання, суправаджэння, блізкасці.

Падрыхтоўчы дакумент гаворыць таксама пра структурнае навяртанне. Арцыбіскуп Кастэлучы бачыць неабходнасць структурнай рэформы, напрыклад, у арганізацыі курый або ў пэўных закасцянелых формах душпастырства.

Менш бюракратыі – больш часу для абвяшчэння Евангелля

Некаторыя бюракратычныя практыкі, напрыклад, афармленне сакрамэнтальных пасведчанняў, патрабуюць спрашчэння: яны становяцца цяжарам, які перашкаджае абвяшчэнню Евангелля. Супраціў, як заўсёды, з'яўляецца тады, калі закранаюцца ўсталяваныя парадкі: людзі падтрымліваюць змены, але толькі калі гэтыя змены не датычаць іх саміх", - звяртае ўвагу іерарх, адказны за Сінадальны шлях.

Аднак арцыбіскуп адзначае, асабліва сярод святароў, узрастаючае разуменне: менш структур для кіравання азначае больш часу, больш энергіі, больш радасці для абвяшчэння. І гэта сапраўды можа зрабіць розніцу.

Юбілейны год надзеі і сінадальны шлях ідуць разам

Францішак заклікаў Касцёл у Італіі "як найлепш выконваць свае абавязкі перад краінай". Кастэлучы падкрэсліў, што супадзенне заключнай фазы сінадальнага шляху з Юбілейным годам не з'яўляецца выпадковым: гэта было запланавана з самага пачатку. Тэма надзеі, абраная Папам для Юбілею, арганічна спалучаецца з сінадальным шляхам і добра ўпісваецца ў душпастырскія планы епіскапату, які прысвяціў бягучае дзесяцігоддзе тэме "Касцёл і народ".

У заключэнні арцыбіскуп выказаў упэўненасць, што прапановы, якія будуць прадстаўлены біскупам, будуць цалкам прынятыя, паколькі ўвесь гэты працэс нарадзіўся з сінтэзу дыяцэзіяльных прапаноў, складзеных і падпісаных самімі біскупамі. "Магчыма, я аптыміст, але ў мяне ёсць падставы для гэтага," - заключыў ён.

Арцыбіскуп таксама паведаміў, што падчас адкрыцця Асамблеі ўдзельнікі выкажуць супольную падтрымку Папу, які цяпер праходзіць аднаўленне пасля хваробы. "Нашыя малітвы і шчырая прыхільнасць дапамогуць яму адчуць, што Касцёл у Італіі побач з ім," - дадаў Кастэлучы.
 

31 сакавіка 2025, 11:39