Манета Ватыкана прызнана найлепшай залатой манетай у свеце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як паведаміў Губернатарат Дзяржавы Ватыкана, упершыню ў гісторыі Святы Пасад атрымаў "манетны Оскар" у прэстыжным міжнародным конкурсе на "Манету года" (COTY). Узнагароджаная манета намінальнай вартасцю 50 еўра з матывам "Вайна і мір", створаным мастачкай К'ярай Прынчыпе, была выпушчана ў 2024 годзе.
На рэверсе ватыканскай манеты адлюстраваны дзве постаці мужчын. Мужчына злева трымае ў руцэ стрэльбу, на фоне падымаецца слуп дыму. Перад мужчынам справа стаіць дзяўчынка з кветкай у руцэ, на фоне – птушкі. У той час як злева відаць калючы дрот, справа заўважаем галінку аліўкавага дрэва. На аверсе манеты паказаны герб Папы Францішка.
Конкурс "Манета года" праводзіцца з 1984 года. Сёлета на яго было пададзена 550 манет. "Канкурэнцыя была вострай, і некалькі манет змагаліся за перамогу да апошняга моманту", - паведаміў Губернатарат у прэс-рэлізе.
Узнагарода была ўручана на мінулым тыдні ў Аклахома-Сіці (ЗША) падчас сходу Амерыканскага нумізматычнага таварыства. Прызы прысуджаліся ў дзесяці катэгорыях. Ватыкан перамог у катэгорыі "Залатыя манеты".
Францыі дасталіся ўзнагароды ў катэгорыі найлепшай манеты, прысвечанай актуальнай падзеі, а таксама ў катэгорыі найбольш інавацыйнай манеты. Абедзве манеты звязаныя з рэстаўрацыяй парыжскага сабора Нотр-Дам.