Новы пасол ЗША прыняты ў Дзяржаўным сакратарыяце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пра сустрэчу з новым прадстаўніком ЗША паведаміў на сваім афіцыйным профілі ў сацыяльнай сетцы “X” Дзяржаўны сакратарыят Апостальскай Сталіцы. Гэта першы афіцыйны візіт новага пасла ў Ватыкан пасля зацвярджэння яго кандыдатуры Сенатам ЗША.
Яшчэ 20 снежня 2024 года, за месяц да інаўгурацыі, Дональд Трамп абвясціў аб гэтым прызначэнні, падкрэсліваючы каталіцкую прыналежнасць Бёрча і яго актыўную дзейнасць у рэлігійнай сферы. Прэзідэнт таксама адзначыў, што як старшыня арганізацыі “CatholicVote” Бёрч стварыў адну з найбуйнейшых каталіцкіх лабісцкіх груп у краіне.
Сенат Злучаных Штатаў зацвердзіў яго намінацыю 2 жніўня 2025 года. Падчас слуханняў у красавіку 2025 года Бёрч адказваў на пытанні, звязаныя з замежнай дапамогай, дыпламатыяй Святога Пасада і рэлігійнай свабодай. Сенатары асабліва цікавіліся адносінамі Апостальскай Сталіцы з Кітаем і яе роляй у міратворчых намаганнях у рэгіёнах, закранутых ваеннымі канфліктамі.
Браян Фрэнсіс Бёрч зменіць на пасадзе былога сенатара ад штата Індыяна і дэмакрата Джо Донэлі і стане трынаццатым паслом Злучаных Штатаў пры Апостальскай Сталіцы з моманту ўстанаўлення поўных дыпламатычных адносін у 1984 годзе.
Варта адзначыць, што новы пасол паходзіць з архідыяцэзіі Чыкага, адкуль родам і Леў XIV. Гэтая акалічнасць стварае цікавую сувязь паміж дыпламатам і Пантыфікам. Чакаецца, што ў бліжэйшы час Бёрч будзе прыняты Папам, што стане завяршальным этапам афіцыйнага прызначэння новага пасла.
Дыпламатычныя адносіны паміж Злучанымі Штатамі і Святым Пасадам маюць важнае значэнне для абодвух бакоў, асабліва ў кантэксце глабальных выклікаў, такіх як канфлікты ў розных рэгіёнах свету, пытанні рэлігійнай свабоды і гуманітарнай дапамогі.