Мазаіка “аргенцінскай” Багародзіцы ў садах Ватыкана
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Урачыстая цырымонія адбылася ў аўторак, 10 верасня 2025 года, у папскіх садах, дзе новы абраз далучыўся да калекцыі марыйных мазаік. У падзеі ўзялі ўдзел кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін, кардынал Фернанда Вергес Альсага, старшыня-эмерыт Губернатарата Ватыкана, а таксама пасол Аргенціны пры Апостальскай Сталіцы Луіс Пабла Марыя Бельтраніна.
Духоўнае сэрца Аргенціны
Пасол Бельтраніна назваў Маці Божую з Лухан "духоўным сэрцам" краіны, нагадаўшы пра яе ролю як сімвала адзінства з 1630 года. "Я малюся, каб Марыя суправаджала пантыфікат Льва XIV, натхняючы шляхі міру, братэрства, дыялогу і справядлівасці", - сказаў дыпламат. Ён таксама адзначыў падтрымку ініцыятывы з боку Папы Францішка.
Кардынал Паралін падкрэсліў сімвалічнае значэнне падзеі: "Гэты сардэчны жэст паказвае сувязі згоды і сяброўства, якія злучаюць гэтую дарагую краіну Паўднёвай Амерыкі з Апостальскай Сталіцай". У завяршэнне ён заклікаў маліцца да Марыі, Каралевы Міру, аб спыненні войнаў.
Мастацтва, якое пашырае сэрца
Аўтарка мазаікі – аргенцінская мастачка Фларэнсія Дэлукі, якая выкарыстала камбінацыю мазаікі і ручной керамікі. "Я адчуваю, што Марыя кіравала кожным крокам, каб усё атрымалася", - падзялілася мастачка. Яна працавала над творам з лютага па красавік 2025 года. "Як казаў Папа Францішак: мастацтва вызваляе і пашырае сэрца. Для мяне гэта быў дар для душы", - прызналася Дэлукі.