MAP

На тэрыторыі Мястэчка “Laudato si'” На тэрыторыі Мястэчка “Laudato si'”  

Рэстаратары з Чыкага адкрыюць экарэстаран у папскіх садах

У нядаўна адкрытым Мястэчку “Laudato si'” на тэрыторыі папскіх садоў у Кастэль-Гандольфа з’явіцца экарэстаран, які будуць весці знакамітыя рэстаратары з Чыкага Артэм Сміт і Філ Стэфані.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гістарычнае партнёрства паміж Святым Пасадам і двума вядомымі рэстаратарамі з роднага горада Льва XIV было абвешчана 5 верасня 2025 года падчас урачыстастай інаўгурацыі маштабнага праекту. У Чыкага падзею назіралі на спецыяльнай сустрэчы з удзелам Стэфані, мэра горада Брэндана Джонсана і іншых асоб.

Новы рэстаран размесціцца ў Мястэчку “Laudato si'” (Borgo Laudato Si') – 55-гектарным экалагічным комплексе з "нулявым уплывам на навакольнае асяроддзе" на тэрыторыі гістарычных Папскіх віл, летняй рэзідэнцыі пантыфікаў з XVII стагоддзя. Гэта месца прасоўвае вучэнне Папы Францішка аб клопаце пра стварэнне.

Рэалізацыя паклікання быць ахоўнікамі Божага стварэння

"Гэта адна з ініцыятыў Касцёла, накіраваных на рэалізацыю паклікання быць ахоўнікамі Божага стварэння", - сказаў Леў XIV, адкрываючы новую прастору. Камісія пад кіраўніцтвам нядаўна спачылага Папы Францішка выбрала Сміта і Стэфані для кіравання гэтым беспрэцэдэнтным праектам.

Гастранамічная прастора пачне працу вясной 2026 года як адзіны рэстаран і кейтэрынгавая кампанія на тэрыторыі маёнтка. Будуць падавацца сняданкі і абеды з перавагай італьянскай кухні са свежых мясцовых прадуктаў з міжнароднымі акцэнтамі – спалучаючы смакі Чыкага і Перу ў гонар цяперашняга Пантыфіка.

Экалагічная гаспадарка будучыні

Інгрэдыенты будуць паходзіць з цяпліцы на сонечнай энергіі ў Мястэчку “Laudato si'”, спраектаванай па ўзоры каланады Плошчы Святога Пятра. Комплекс уключае сады, вінаграднікі, навучальныя праграмы па экалагічным земляробстве, вытворчасці віна без пестыцыдаў і збору аліўкаў.

"Як для католіка і італьянца, гэты праект – здзяйсненне мары для мяне і маёй сям'і", - сказаў Філ Стэфані, які кіруе ўласнай рэстараннай групай з 1980 года. Артэм Сміт, лаўрэат прэміі імя Джэймса Бірда і былы асабісты шэф-кухар Опры Уінфры, вядомы сваёй дабрачыннай дзейнасцю.

Мэр Чыкага Брэндан Джонсан назваў абодвух рэстаратараў "сапраўднымі легендамі Чыкага", а партнёрства – "надзвычайнай і шчаслівай магчымасцю" для горада.
 

10 верасня 2025, 10:55