Спыніць бойню: заклік Дзяржсакратара па Газе і Украіне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэта пакуль што голас, які крычыць у пустыні міжнароднай увагі, бо мэты іншыя. Голас Святога Пасада, які з самага пачатку крызісу ў Сектары Газа заклікае да спынення агню, забеспячэння гуманітарнай дапамогі і пачатку канструктыўных перамоў. Але гэта рэха, якое ў дадзены момант губляецца ўдалечыні, і рэалістычнае назіранне, афарбаванае горыччу, заключаецца ў тым, што, нягледзячы на штодзённыя ахвяры, "у цяперашні час няма дыялогу".
Занепакоенасць Святога Пасада вельмі высокая
Кардынал П'етра Паралін паразмаўляў з журналістамі ў дзіцячай бальніцы “Bambino Gesù”, куды ён прыбыў 5 верасня 2025 года для благаслаўлення абраза П'ера Джорджа Фрасаці, якога Леў XIV у бліжэйшую нядзелю кананізуе разам з Карлам Акуцісам.
Дзяржсакратар настойліва заклікаў бакі аднавіць дыялог, выказваючы спадзяванне на тое, што гэтым шляхам можна будзе знайсці рашэнні для жахлівай і трагічнай сітуацыі ў Газе.
"Наш голас працягвае ўздымацца, як мы рабілі гэта і раней. Учора мы вельмі рашуча выказаліся падчас сустрэчы з прэзідэнтам Ізраіля і спадзяёмся, што гэты заклік, аб'яднаны з пазіцыяй міжнароднай супольнасці, зможа прынесці пэўны вынік", - заявіў кардынал.
Паралін выказаў глыбокую занепакоенасць лёсам парафіі ў Газе, якая з пачатку канфлікту дала прытулак сотням людзей. "Там ёсць шмат людзей з інваліднасцю, якіх немагчыма перамясціць у бяспечнае месца. Мы ралічваем на павагу да тых, хто застаўся там і не мае іншага выйсця. Важна, каб гэты заклік аб іх абароне быў пачуты", - падкрэсліў ён.
Ватыкан гатовы стаць месцам для перамоў
Апошняя думка Дзяржаўнага Сакратара была прысвечана іншаму еўрапейскаму фронту вайны – Украіне, для якой краіны “кааліцыі жадаючых” пацвердзілі абавязацельства гарантаваць бяспеку.
"Пазіцыя Святога Пасада заключаецца ў тым, каб пачаўся дыялог", - пацвердзіў кардынал Паралін, і сам Леў XIV, нагадаў ён, "нават прапанаваў Ватыкан як месца для правядзення гэтых перамоў". Гэта, падвёў вынік кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада, "вялікая гатоўнасць менавіта дапамагчы знайсці ўсе шляхі і ўсе сродкі, якія могуць спыніць гэтую бойню".
Святы Пасад паслядоўна выступае за дыялог і мірнае вырашэнне канфліктаў, пры гэтым асаблівая ўвага надаецца абароне самых уразлівых груп насельніцтва, якія найбольш пакутуюць ад ваенных дзеянняў.