Паралін: мы на мяжы бездані, ёсць рызыка больш маштабнай вайны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дзяржсакратар падзяліўся заклапочанасцю ў сувязі з вайной на Блізкім Усходзе. Ён выказаў шкадаванне, што Ізраіль не спыняе ваенных дзеянняў у Газе, “нягледзячы на шматлікія заклікі, якія былі скіраваныя, у тым ліку з боку Каталіцкага Касцёла, з боку Лацінскага Патрыярха, кардынала Піцабалы”.
Сітуацыя парафіі ў Газе
Кардынал Паралін згадаў пра становішча каталіцкай парафіі Святой Сям’і ў Газе, пробашч якой, ксёндз Габрыэле Раманэлі, некалькі дзён таму апублікаваў відэазварот, дзе расказаў пра жыццё сваёй невялікай каталіцкай супольнасці і бежанцаў, якіх яна прымае, у ахопленым бамбардзіроўкамі і абстрэламі рэгіёне. “Яны дэманструюць па-сапраўднаму вартую захаплення здольнасць да вытрывання. Яны застаюцца разам з няпоўнаспраўнымі людзьмі і не жадаюць скарацца перад абліччам гвалту”, - падкрэсліў іерарх.
Гуманітарныя аперацыі
Журналістаў таксама цікавыла меркаванне Дзяржсакратара адносна гуманітарнай аперацыі, у прыватнасці так званай “Глабальнай флатыліі Сумуд”, якая падвергнулася ўдару беспілотніка недалёка ад узбярэжжа Туніса. Кардынал адзначыў, што ўсе гуманітарныя дзеянні, здольныя дапамагчы насельніцтву Палесціны ў час такога сур’ёзнага крызісу, з’яўляюцца карыснымі і таму ацэньваюцца станоўча.
Выкарыстанне тэрміну “генацыд”
Ватыканскага іерарха папрасілі пракаментаваць тое, што Еўрапейскі парламент, хоць і заклікаў краіны ЕС прызнаць палесцінскую дзяржаву, не ўжыў у сваёй дэкларацыі слова “генацыд”, у адрозненне ад некаторых святароў і біскупаў, якія адкрыта называюць так сітуацыю ў Газе. “У тым, што адбываецца, яны, магчыма, знайшлі элементы, каб выкарыстаць гэты тэрмін. Мы на цяперашні момант гэтага яшчэ не зрабілі. Мы зоймемся гэтым”, - запэўніў ён, падкрэсліўшы, што для сцвярджэнняў такога роду неабходна правесці больш глыбокі аналіз сітуацыі.
Свет на мяжы бездані
Гаворачы пра “эскалацыю, якая выклікае страх”, і пра падзеі ва Украіне і Польшчы, бліжэйшы супрацоўнік Папы пагадзіўся з меркаваннем аднаго з журналістаў, што свет знаходзіцца на мяжы бездані. “Мы сапраўды знаходзімся ў вельмі небяспечным моманце. Калі не будзе моманту пераасэнсавання, існуе рызыка бясконцай эскалацыі, а значыць, пачатку больш маштабнай вайны”, - сцвердзіў Дзяржсакратар.
Кардынал Паралін запэўніў, што Апостальская Сталіца робіць усё магчымае, каб спыніць гэту эскалацыю, шукаючы ўсе магчымыя кантакты, выкарыстоўваючы перамовы і ўсе даступныя інструменты.
Заява прэзідэнта Ізраіля
Адказваючы на пытанне пра нядаўнюю размову з прэзідэнтам Ізраіля Ісхакам Герцагам, які здзейсніў візіт у Ватыкан, іерарх заўважыў, што той запэўніў у адсутнасці намеру ізраільскай акупацыі Газы. “Я веру ў добрыя намеры ўсіх. Потым трэба будзе паглядзець на факты”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.