Папа ўвёў нормы па працоўнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Леў XIV зацвердзіў уключэнне новага артыкула ў "Нормы абароны годнасці асобы і яе асноўных правоў, якія павінны выконвацца пры медыцынскіх праверках перад прыняццем на працу і падчас працоўных адносін" ад 18 лістапада 2011 года.
Падчас аўдыенцыі для кардынала-дзяржсакратара П'етра Параліна 4 жніўня 2025 года, Святы Айцец зацвердзіў увядзенне артыкула 2-біс, які прадугледжвае спрыянне працаўладкаванню асоб з інваліднасцю.
Згодна з новым артыкулам, "працаўладкаванне асоб з інваліднасцю ажыццяўляецца ў духу прыняцця і, калі неабходна, з ужываннем адпаведных і спецыфічных мер, улічваючы, што стан інваліднасці не перашкаджае здольнасці працаваць у арганізацыях, на якія распаўсюджваюцца гэтыя нормы".
Акрамя таго, унесены змены ў першы параграф 14-га артыкула "Агульнага рэгламенту Рымскай курыі", які датычыцца прыняцця на працу і прызначэння персаналу. Фармулёўка "стан добрага здароўя, належным чынам пацверджаны" замяняецца на "псіха-фізічная прыдатнасць для выканання абавязкаў, засведчаная Упраўленнем аховы здароўя і гігіены Дзяржавы Ватыкан".
Гэтыя змены ўступілі ў сілу 11 жніўня 2025 года, згодна з рэскрыптам, падпісаным кардыналам Параліным.
Новыя нормы пацвярджаюць імкненне Святога Пасада да большай інклюзіўнасці ў сваёй працоўнай супольнасці і прызнання годнасці кожнай асобы, незалежна ад яе фізічных ці псіхічных абмежаванняў.