Леў XIV адкрые экалагічны цэнтр у летняй рэзідэнцыі Пантыфікаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сёння, 5 верасня 2025 года, Леў XIV урачыста адкрые “Мястэчка Laudato si'” – летнюю папскую рэзідэнцыю, ператвораную ў экалагічны цэнтр адукацыі і духоўнасці.
Падчас інаўгурацыі Папа здзейсніць сімвалічнае паломніцтва па тэрыторыі, сустрэнецца з работнікамі, іх сем'ямі і ўсімі, хто спрычыніўся да стварэння “Borgo” – у тым ліку з кансэкраванымі асобамі, навукоўцамі, студэнтамі, мясцовай супольнасцю і дабрадзеямі. Затым ён узначаліць Літургію Слова з Абрадам благаслаўлення ў падзяку за гэту новую місію Касцёла.
Кіраўнік праекта, мексіканскі святар Мануэль Дарантэс, у размове з “Vatican News” падкрэсліў, што месца адкрыта для кожнага, а яго мэтай з'яўляецца натхненне на клопат пра наш супольны дом – Зямлю.
На тэрыторыі плошчай 55 гектараў наведвальнікі змогуць пабачыць сады, сельскагаспадарчыя ўгоддзі, адукацыйны цэнтр, рэстаран і рынак. Экскурсіі будуць даступныя на многіх мовах. Адукацыйны цэнтр будзе служыць як індывідуальным гасцям, так і групам з парафій, дыяцэзій, кансэкраваным асобам, біскупам, студэнтам і дэлегацыям епіскапатаў. Таксама плануюцца спецыяльныя курсы для бізнес-лідараў.
Наведвальнікі ўбачаць сады, фігуру Маці Божай, перад якой маліліся Папы, старажытныя рымскія руіны вілы імператара Даміцыяна, Ватыканскую абсерваторыю, ферму і творы мастацтва. На тэрыторыі комплексу быў створаны новы вінаграднік, дзе ў супрацоўніцтве з італьянскім універсітэтам быў пасаджаны новы сорт вінаграду, прысвечаны Папу. Першае віно павінна трапіць у бутэлькі каля 2029 года.
Місіяй гэтага месца з'яўляецца стварэнне мадэлі, у якой клопат пра стварэнне і абарона годнасці чалавека – асабліва найслабейшых – не толькі выкладаюцца, але перш за ўсё перажываюцца, укаранёныя ў Евангеллі і адкрытыя для ўсіх.
Новы Цэнтр вышэйшай адукацыі “Laudato si'”, які благаславіць падчас сённяшняй інаўгурацыі Леў XIV, прапануе курсы па экалагічным земляробстве і ўстойлівым развіцці.