MAP

Леў XIV на матацыкле BMW пасля агульнай аўдыенцыі на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Леў XIV на матацыкле BMW пасля агульнай аўдыенцыі на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане  (@Vatican Media)

"Папскі матацыкл" з аўтографам Льва XIV дапаможа мадагаскарцам

Пасля агульнай аўдыенцыі Леў XIV благаславіў і падпісаў матацыкл BMW R18, які будзе прададзены з аўкцыёну дзеля дапамогі дзецям Мадагаскара, што працуюць у капальнях слюды.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Група матацыклістаў "Jesus Biker", звязаная з Папскімі місійнымі ініцыятывамі ў Аўстрыі, даставіла 3 верасня 2025 года ў Ватыкан адмыслова пераробленую мадэль матацыкла BMW R18. Транспартны сродак, аформлены "ў стылі папамабіля" з белай афарбоўкай, папскім гербам, імем Святога Айца і ватыканскім сцягам, быў прадстаўлены Льву XIV пасля заканчэння агульнай аўдыенцыі.

"Ад першага кіламетра да прыбыцця ў Ватыкан мы перажывалі кожнае імгненне з вялікім энтузіязмам”

Паводле інфармацыі, апублікаванай у сацыяльных сетках на профілі “Missio Österreich” (аўстрыйскага аддзялення Папскіх місійных ініцыятыў), 31 матацыкліст з групы "Jesus Biker" выправіўся ў падарожжа 31 жніўня 2025 года з нямецкай мясцовасці Шафхайм. Спыняючыся па дарозе ў Альтотынгу і Вероне, яны дасягнулі Рыма 2 верасня, каб папрасіць Святога Айца благаславіць і падпісаць двухколавы транспартны сродак.

“Рухомы сімвал веры, салідарнасці і міру”

Так апісваюць матацыкл ініцыятары пілігрымкі, якая стала таксама нагодай для папулярызацыі дзейнасці Папскіх місійных ініцыятыў і закліку да малітвы аб міры і падтрымцы дзяцей на Мадагаскары. Менавіта з думкай пра іх адбылося ўсё гэта мерапрыемства.

Благаслаўлёны і пазначаны папскім аўтографам матацыкл будзе выстаўлены на аўкцыён, а сродкі ад яго продажу будуць прызначаны на дапамогу дзецям Мадагаскара, якіх прымушаюць працаваць у капальнях слюды. Як паведамляецца на старонцы “Missio Österreich”, на Мадагаскары больш за 20 тысяч чалавек працуюць пры здабычы гэтай сыравіны, неабходнай для касметычнай прамысловасці, і больш за палову з іх складаюць дзеці.

Эканоміка беднасці сярод прыроднага багацця

Хаця Мадагаскар з'яўляецца найбуйнейшым у свеце экспарцёрам слюды, умовы працы пры яе здабычы набліжаныя да рабскіх. Сем'і, якія працуюць у капальнях, атрымліваюць усяго 5 цэнтаў за кілаграм сыравіны, хаця ў Кітаі яна прадаецца больш чым на 5500 працэнтаў даражэй.

Надзеяй для эксплуатаваных сем'яў можа стаць будаўніцтва школы для дзяцей, якія такім чынам атрымаюць шанц на лепшую будучыню. Праект плануюць фінансаваць Папскія місійныя ініцыятывы ў Аўстрыі, у тым ліку са сродкаў, атрыманых ад аўкцыёну "папскага" матацыкла.

У мінулым, як паведамляе “Missio Österreich”, сябры Папскіх місійных ініцыятыў з Аўстрыі прыязджалі з такім жа матацыклам да Папы Францішка.
 

04 верасня 2025, 09:21