“Мой святы Францішак” – пасмяротная кніга Папы Францішка
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Выданне стала плёнам дыялогу Папы Францішка з кардыналам Марчэла Сэмерара, прэфектам Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Размовы на гэту тэму адбываліся паміж імі ў апошнія месяцы 2024 года.
У кнізе апублікаваны адмысловы ліст Папы Льва XIV, які адзначае, што яна “практычна дазваляе нам зноў пачуць голас Папы Францішка”, які не толькі абраў для сябе імя Асізскага Бедняка, “але імкнуўся наследаваць яго, зрабіўшы яго абліччам сваёй новай місіі”.
Прадмову да выдання напісаў кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін. Ён заўважыў, што Хорхэ Берголіа адкрыў у постаці святога Францішка “сябра і крыніцу натхнення”, каб “жыць Евангеллем з радасцю”. Іерарх назваў кнігу амаль “духоўным запаветам” Пантыфіка, які складаецца з яго ўспамінаў і падзякаў.
10 верасня 2025 года ў Асізі адбылася прэзентацыя выдання. Падчас яе кардынал Сэмерара адзначыў, што постаць святога Францішка моцна паўплывала на Хорхэ Берголіа і яго падыход да розных сітуацый. “Святасць святога Францішка можа быць ключом да інтэрпрэтацыі” папярэдняга пантыфікату, падкрэсліў ватыканскі прэфект.
У якасці прыкладу ўплыву святога Францішка на Папу іерарх згадаў энцыклікі “Laudato si’” і “Fratelli tutti”, увагу Пантыфіка да дыялогу з ісламам і да праблем клопату пра навакольнае асяроддзе. Кардынал Сэмерара таксама нагадаў пра заклікі Папы Францішка да міру і сузірання свету вачыма бедных і адрынутых, што адпавядае яго “францішканскаму стылю”.