MAP

Прэм'ер Дамінікі наведаў Ватыкан

12 верасня 2025 года ў Апостальскім палацы Леў XIV даў аўдыенцыю прэм'ер-міністру Садружнасці Дамінікі Рузвельту Скерыту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля сустрэчы з Пантыфікам кіраўнік урада астраўной дзяржавы Карыбскага басейна правёў перамовы з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам П'етра Паралінам, якога суправаджаў сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Як паведамляе Зала Друку, падчас сардэчнай размовы ў Дзяржаўным сакратарыяце было выказана задавальненне добрымі адносінамі паміж Святым Пасадам і Дамінікай. Асаблівая ўвага была звернута на каштоўны ўклад, які Каталіцкі Касцёл уносіць у жыццё краіны, асабліва ў сферы сацыяльнай дапамогі і адукацыі.

У ходзе далейшай размовы бакі закранулі некаторыя пытанні грамадска-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне і краіне, у тым ліку сацыяльныя выклікі і наступствы кліматычных змен, пацвердзіўшы ўзаемнае імкненне спрыяць супрацоўніцтву на карысць народа Дамінікі.
 

12 верасня 2025, 11:44