MAP

Стэфанія Калесанці з скульптурай Багародзіцы "La Moreneta" Стэфанія Калесанці з скульптурай Багародзіцы "La Moreneta" 

“La Moreneta” – Багародзіца, якая суправаджае Пантыфікаў

На працягу 15 гадоў галоўныя папскія ўрачыстасці ў Ватыкане суправаджае драўляная скульптура Маці Божай з Мантсэрат XVIII стагоддзя. У 1963 годзе яна была падаравана Паўлу VI з нагоды яго інаўгурацыі тагачасным Прэзідэнтам Бразіліі Жуанам Гулартам.

Ян Глінскі

Скульптура з’яўляецца копіяй статуі Маці Божай з Мантсэрат XV стагоддзя, заступніцы Каталоніі, вядомай як “La Moreneta”.

Скульптура XVIII стагоддзя паходзіць з Паўднёвай Амерыкі і выразана з каштанавага дрэва. У адрозненні ад арыгіналу, сама назва якога гаворыць пра цёмны колер твару, ватыканская скульптура прадстаўляе Марыю са светлым колерам твару. Яна ўбраная ў багата аздобленае адзенне, якое развівае вецер. Першапачаткова яе таксама ўпрыгожвалі каралі і завушніцы. Шкляныя вочы надаюць ёй чароўны, пяшчотны выгляд. На руках у Марыі Дзіцятка Езус, які правай рукой благаслаўляе, а ў левай трымае зямны шар. Павел VI, вялікі аматар драўлянай скульптуры, размясціў яе ў пярэднім пакоі сваіх папскіх апартаментаў.

З 2011 года па загаду Бэнэдыкта XVI скульптура суправаджае найважнейшыя папскія ўрачыстасці ў базіліцы Святога Пятра або на плошчы Святога Пятра.

Гэты ўнікальны твор патрабуе асаблівага дагляду, таму амаль пятнаццаць гадоў скульптура знаходзіцца пад апекай Стэфаніі Калесанці. Экспертка па кансервацыі ў Лабараторыі музеяў Ватыкана, між іншым, распавяла пра асаблівую прафесійную, эмацыянальную і духоўную сувязь, якая яднае яе з Марыяй з Мансэрат.

Па словах Калесанці, дэкаратыўная тэхніка, што была выкарыстана на скульптуры, называецца estofado de oro: бразільскі мастак пакрыў паверхню дрэва пластом гіпсу і клею, затым нанёс болюс (гліну, якая выкарыстоўваецца для фіксацыі залатой фальгі), пасля чаго ўвесь твор быў пафарбаваны тэмпернай фарбай. “Унутраныя складкі плашча былі ўпрыгожаны срэбрам, – распавяла рэстаўратар. – Знешняя частка вылучаецца прыгожым кветкавым дэкорам, які даволі добра захаваўся. Першапачаткова ён быў смарагдава-зялёнага колеру з залатымі водбліскамі, якія, на жаль, зніклі”.

Працы па кансервацыі праводзіліся з прымяненнем эксперыментальных, інавацыйных і экалагічных метадаў: ад лазераў да выкарыстання пасідоніі – марской расліны, што дазволіла дасягнуць вельмі натуральнага аднаўлення дрэва. “Спачатку я нават суправаджала яе пры кожнай транспарціроўцы, але потым абавязкаў стала занадта шмат, і мне давялося адмовіцца ад гэтага, – падзялілася Калесанці. – Але я пастаянна сачу за ёй. Я рэгулярна правяраю лакафарбавае пакрыццё, структуру і агульны стан”.
 

05 верасня 2025, 10:34