Знак жывога Касцёла: кардынала ўразіла ўвага моладзі да канклава
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Балонні і ўдзельнік папскіх выбараў у маі 2025 года расказаў у інтэрв'ю "Corriere della Sera" пра неспадзяваную цікавасць маладых людзей да канклава.
Францішак зрабіў Касцёл зразумелым для моладзі
У маленькай італьянскай вёсцы гаспадыня кавярні папрасіла кардынала сфатаграфавацца для сваёй 14-гадовай дачкі, бо тая была "фанаткай" Дзупі падчас выбараў. "У гэтым узросце я б нават не ведаў імёнаў удзельнікаў канклава, не кажучы пра тое, за каго заўзець", - прызнаўся кардынал. Іншым разам на вакзале група падлеткаў таксама папрасіла фота, кажучы: "Мы за вас заўзелі!"
"Гэта сведчыць пра жыццёвасць Касцёла і заслугу Папы Францішка, які наблізіў Касцёл да ўсіх, калі нават маладая дзяўчына можа цікавіцца тым, што робіць група пажылых мужчын", - адзначыў іерарх, які з'яўляецца старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Італіі.
Кожны Папа – адметны голас адной традыцыі
На думку кардынала, дзякуючы Францішку шмат людзей зноў пачалі ставіцца да Касцёла з павагай і любоўю. "Але Францішак не ішоў на саступкі. З ім не было распродажу хрысціянскіх каштоўнасцей. Ён быў вельмі патрабавальны. Ён не быў проста філантропам. Ён вучыў людзей любіць бліжняга. Мы ўсе – браты. Ён дзяліўся любоўю і заклікаў да любові", - падкрэсліў Дзупі.
Італьянскі іерарх таксама адзначыў, што Францішак "больш цікавіўся пачаткам працэсаў, чым стварэннем дасканалай праграмы”. "Наш абавязак іх працягваць. Кожны прымае, дапаўняе, развівае. Традыцыя ніколі не застывае; яна перадаецца, а не замарожваецца. Кожны Папа ўносіць свой уклад. Ян XXIII быў добрым Пантыфікам; ці гэта значыць, што Пій XII быў дрэнным? А Павел VI, волат гісторыі? А Ян Павел II? Кожны з іх прыносіць нешта адметнае, непаўторнае. Францішак і Бэнэдыкт былі рознымі, але яны разам стварылі дакумент – упершыню Папа сказаў: я зрабіў гэта са сваім папярэднікам. І Францішак пачаў так, як жадаў Бэнэдыкт. Мы зразумеем усё толькі ў канцы", - падсумаваў кардынал Дзупі.