MAP

Кардынал Луіс Антоніа Тагле Кардынал Луіс Антоніа Тагле   (Vatican Media)

Тагле: мы забываемся, што жыццё – гэта дар, а не прадукт

На міжнародным семінары “Божае стварэнне, прырода, навакольнае асяроддзе дзеля мірнага свету” ў Ватыкане кардынал Тагле заклікаў вярнуцца да разумення стварэння як Божага дару.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

12 верасня 2025 года пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі кардынал Луіс Антоніа Тагле выступіў з уступным словам на другой сесіі міжнароднага семінара ў Палацы Пія IV, прысвечанага пытанням экалогіі і міру.

"З занепакоенасцю заўважаю, што разуменне жыцця як дару паступова знікае"

Іерарх падкрэсліў, што стварэнне – гэта перш за ўсё дар, які патрабуе ўдзячнасці. "Сёння гарызонт дару замяняецца гарызонтам прадуктыўнасці, дасягненняў і прыбытку. Такі падыход мае свае межы і звужае наша ўспрыманне рэчаіснасці", - адзначыў пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі.

Спасылаючыся на Кнігу Быцця, ён нагадаў, што ўзаемнасць дароў закладзена ў самім стварэнні. "Ці свецяцца яшчэ вочы дзяцей, калі яны атрымліваюць падарункі? Для многіх падлеткаў месца без Wi-Fi нічога не варта, нават калі там прысутнічаюць іх бацькі", - заўважыў кардынал.

"Мы губляем здольнасць здзіўляцца і захапляцца таямніцамі стварэння"

Другая частка выступлення была прысвечана пакліканню чалавека сузіраць стварэнне. "Глядзець на стварэнне, чуць яго гукі, адчуваць яго пахі, быць здзіўленым яго таямніцай – гэта наша сузіральнае пакліканне", - падкрэсліў Тагле.

Ён выказаў занепакоенасць тым, што сучасны свет з яго імклівым тэмпам і спажывецкімі мэтамі не дазваляе рэалізаваць гэтае пакліканне. "Ці здольная сучасная моладзь адарвацца ад сваіх гаджэтаў, каб палюбавацца захадам сонца ці паслухаць шум дажджу? Мы страчваем так шмат у жыцці, калі не знаходзім часу на сузіранне стварэння!" - дадаў кардынал.

Стварэнне распавядае нам таямніцы Божага Валадарства

У заключнай частцы выступлення кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі нагадаў, што Хрыстус "аднавіў пакланенне сапраўднаму Богу" і ў сваім навучанні выкарыстоўваў элементы стварэння – птушак, ліліі, дрэвы, ваду, хлеб – каб абвясціць Божае Валадарства.

"У гэты Юбілейны год мы молімся, каб усё стварэнне і чалавечая сям'я сталі гімнам хвалы Богу і одай міру!" - гэтымі словамі кардынал Тагле завяршыў сваё выступленне.

Семінар “Божае стварэнне, прырода, навакольнае асяроддзе дзеля мірнага свету”, арганізаваны Папскай тэалагічнай акадэміяй, працягнецца да 13 верасня 2025 года.
 

12 верасня 2025, 10:55