MAP

Кардынал Луіс Антоніа Тагле Кардынал Луіс Антоніа Тагле  

Кардынал заклікае новых біскупаў да служэння, а не панавання

Кардынал Луіс Антоніа Тагле звярнуўся да 80 новапрызначаных біскупаў, заклікаючы іх разглядаць сваё служэнне як служэнне, а не панаванне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі кардынал Луіс Антоніа Тагле нагадаў новым біскупам, што іх прызначае Дух Святы, а Касцёл з'яўляецца "Божым статкам", дзе біскупы толькі "вартаўнікі", а не гаспадары.

Іерархі ўдзельнічаюць у традыцыйным вераснёўскім ватыканскім семінары, які з 1994 года дапамагае біскупам сутыкацца з выклікамі іх служэння.

Кардынал падкрэсліў, што біскупская пасада – не ўзнагарода, а дар, які трэба прымаць з пакорай і ўдзячнасцю. Ён папярэдзіў аб спакусе ўспрымаць Касцёл і вернікаў як уласнасць, адзначыўшы, што "сумна, калі біскуп паводзіць сябе як уласнік".

Ён раскрытыкаваў адносіны да манахінь у некаторых дыяцэзіях, дзе да іх ставяцца "амаль як да нявольніц", а не як да дачок Касцёла, часам выкарыстоўваючы іх абяцанне жыць у беднасці для адмовы ў належных сродках для жыцця.

Цэнтральнай рысай добрага біскупа кардынал Тагле назваў здольнасць ствараць супольнасць, бо "Дух Святы адорвае рознымі дарамі, але той самы Дух аб'ядноўвае ўсіх".
 

09 верасня 2025, 12:18