MAP

Кардынал П'етра Паралін у фацімскім санктуарыі. Архіўнае фота Кардынал П'етра Паралін у фацімскім санктуарыі. Архіўнае фота  (ANSA)

Дзяржсакратар з трохдзённым візітам у Партугаліі

Кардынал-дзяржсакратар 12 верасня 2025 года прыбыў у Партугалію, дзе наведаў санктуарый у Фаціме. У праграме таксама сустрэча з прэм'ер-міністрам у рамках урачыстасцей Юбілею прадстаўнікоў улады.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Афіцыйны візіт кардынала П'етра Параліна працягнецца да 14 верасня 2025 года. Галоўнай нагодай для яго сталі ўрачыстасці "Jubileu das Autoridades" (Юбілею прадстаўнікоў улады).

Як паведамляе афіцыйны профіль Дзяржсакратарыята ў сацыяльнай сетцы X (@TerzaLoggia), у першы дзень іерарх наведаў санктуарый у Фаціме, дзе памаліўся ў месцы аб'яўленняў Божай Маці.

Сёння, 13 верасня 2025 года, праграма візіту прадугледжвае малітву Ружанца ў “Capelinha das Aparições” (Капліцы Аб'яўленняў) у Фаціме, а таксама малітву ў месцы нядаўняй аварыі фунікулёра “Glória” ў Лісабоне. Акрамя таго, у сённяшняй праграме запланавана сустрэча з Прэм'ер-міністрам Партугаліі Луісам Мантэнегра.

Важным пунктам сённяшняй праграмы стане таксама ўдзел кардынала Параліна ва ўрачыстасцях Юбілею прадстаўнікоў улады і Эўхарыстычная цэлебрацыя ў фацімскім санктуарыі.

Завершыцца праграма 14 верасня 2025 года, у нядзелю, афіцыйным візітам ветлівасці да прэзідэнта Партугаліі Марсэла Рэбэла дэ Соўзы.

Гэты візіт падкрэслівае важнасць адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Партугаліяй, а таксама ўмацоўвае сувязі з мясцовым Касцёлам.
 

13 верасня 2025, 10:26