MAP

Кардынал Юліу Хосу (у цэнтры) Кардынал Юліу Хосу (у цэнтры) 

Кардынал Гуджэроці: епіскап Хосу – прыклад чалавека сумлення

Кардынал Клаўдыё Гуджэроці здзейсніў візіт у Румынію, дзе ўшанаваў памяць благаслаўлёнага Юліу Хосу, епіскапа Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, які падвергся пераследу з боку камуністычнага рэжыму.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я прыбыў, каб падзякаваць вам за гэтага чалавека – благаслаўлёнага кардынала Хосу, ахвяру камуністычнага пераследу, чалавека сумлення. Сумленне – гэта вялікая каштоўнасць, пра якую сёння вельмі мала гавораць. Наадварот, лічыцца, што яго можна здаць у арэнду, а часам нават прадаць. Але для тых людзей гэта было не так. І менавіта гэта сумленне мы хочам ушанаваць”, - сказаў прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.

Урачыстасць адбылася 5 верасня 2025 года ў Оперным тэатры горада Клуж-Напока. Падчас яго прагучалі музычныя творы і ўрыўкі з лістоў благаслаўлёнага румынскага іерарха. У вечары памяці бралі ўдзел прадстаўнікі мясцовых грамадзянскіх і рэлігійных уладаў, у тым ліку праваслаўны мітрапаліт Андрэй, навукоўцы, даследчыкі і простыя грамадзяне.

Кардынал Гуджэроці здзейсніў візіт таксама ў горад Блаж, каб адведаць 94-гадовага кардынала Лучыяна Мурэшана, Вярхоўнага архіепіскапа Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, аслабленага з прычыны ўзросту і хваробы, і перадаць яму благаслаўленне Папы Льва XIV. Ватыканскі прэфект памаліўся ў прыватнай капліцы іерарха і падзякаваў законніцам, якія клапоцяцца пра яго.

Падчас свайго візіту кардынал Гуджэроці прыняў удзел у пасяджэнні мясцовага епіскапату, а таксама атрымаў званне ганаровага доктара ў Універсітэце Бабеша-Бойяі ў Клуж-Напоцы. Тытул быў яму нададзены “за падтрымку ўніверсітэцкага выкладання грэка-каталіцкай тэалогіі і прасоўванне культуры міру і салідарнасці на міжнародным узроўні”. Падчас цырымоніі ватыканскі іерарх прачытаў адкрытую лекцыю, прысвечаную ўзаемадзеянню паміж усходняй і заходняй духоўнасцю.
 

08 верасня 2025, 11:03